- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Экскурсія ў краязнаўчы музей

 

Выхаванцы Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната наведаліся з экскурсіяй у Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Музей заснаваны ў 1987 годзе. Яго экспазіцыі размешчаны ў дзевяці залах, фонды налічваюць 22 тысячы адзінак захавання. Экспазіцыя адлюстроўвае найбольш значныя падзеі гісторыі горада і раёна, расказвае пра выдатных людзей, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з Навагрудчынай.

Экскурсавод паведаміла дзецям пра гісторыю і культуру Наваградка ад узнікнення горада да сярэдзіны ХХ стагоддзя. У музейнай экспазіцыі акцэнт рабіўся на шматкультурны і паліканфесійны характар нашага рэгіёна, у якім на працягу стагоддзяў побач з беларусамі жылі татары, палякі і яўрэі, бесканфліктна суіснавалі хрысціянства, іслам і іўдаізм.

   

У час экскурсіі дзеці пазнаёміліся з утварэннеем Вялікага Княства Літоўскага, жыццём і дзейнасцю вялікіх князёў Войшалка, Гедыміна, Вітаўта, даведаліся пра каранацыю Міндоўга. Таксама экскурсавод расказвала пра рассяленне татар на Навагрудчыне, стварэнне праваслаўнай мітраполііў ВКЛ. На падставе дакументаў паказаны змены ў статусе горада ў сувязі з атрыманнем ім магдэбурскага права, герба, а таксама расказана пра войны, якія прывялі да разбурэння Навагрудскага замка.

Выхаванцам у музеі распавялі пра шматлікія этнаграфічныя матэрыялы Навагрудчыны, якія дазваляюць прадставіць інтэр’ер вясковых дамоў і шляхецкіх сядзіб, жаночыя і мужчынскія традыцыйныя ўборы, тканыя посцілкі, дзяругі, сурвэткі, габелены, вышытыя ручнікі, гліняны і драўляны посуд.

Значная плошча ў музеі адведзена паказу нямецкай акупацыі Навагрудчыны ў гады сусветных войнаў: удзел жыхароў у ваенных дзеяннях, рэжым акупацыі, трагедыя яўрэйскай суполкі горада, рух супраціўлення, у якім удзельнічалі савецкія партызанскія атрады.

Шырока былі прадстаўлены дзецям матэрыялы археалагічных раскопак, якія распавядаюць пра ўзнікненне горада  Наваградка, яго гандлёвыя і культурныя сувязі. Варта сказаць, што ў апошні час у горадзе вядзецца вялікая колькасць археалагічных раскопак. Цікавейшыя экспанаты выхаванцы ўбачылі ў залах, якія дэманструюць археалагічныя знаходкі, знойдзеныя ў руінах Навагрудскага замка і на тэрыторыі старажытных стаянак чалавека.

Экскурсія падышла да завяршэння, але дзеці яшчэ і яшчэ задавалі пытанні, рабілі шмат фатаграфій. Калі вярталіся дадому, выхаванцы ўсю дарогу бурна абмяркоўвалі ўбачанае. Яны гаварылі пра тое, што школьныя экскурсіі па тэрыторыі славутых мясцін і наведванне музеяў – гэта выдатны спосаб даведацца шмат цікавага пра сваю малую радзіму, бліжэй пазнаёміцца з яе гісторыяй і славутымі землякамі.

Вольга РАДЧАНКА,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Мая Бацькаўшчына”
Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий