- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Падарожжа ў Заслаўль

 

Восеньскім пахмурным ранкам група пяцікласнікаў сярэдняй школы № 3 Смаргоні адправілася на экскурсію, каб наведаць старажытны горад Заслаўль. Пра гэты горад можна з упэўненасцю сказаць: “Тут кожны камень гісторыяй дыхаў”.

Сапраўды, невялікі па памеры, ён назаўсёды ўвайшоў у гісторыю нашай Беларусі як горад, заснаваны князем Ізяславам, як горад, у якім знаходзіцца адзіны ў Беларусі музей міфалогіі і лесу, дзе мінулае і сучаснасць сышліся разам.

Шмат цікавага, новага і пазнавальнага з мінулага нашай роднай краіны адкрылі для сябе навучэнцы. Падчас наведвання музея міфалогіі і лесу, які размяшчаецца ў самім гушчары лесу, дзеці даведаліся пра міфічных істот і лясных духаў, якія насяляюць лес. Падчас экскурсіі школьнікі пазнаёміліся з галоўным ахоўнікам, вартаўніком лесу, міфічным духам Лесавіком, які па легендзе ахоўвае лес, дапамагае людзям збіраць ягады, грыбы. Кажуць, раней людзі да яго звярталіся: “Лесной дедок с ноготок, покажи мне грибок”. А за дрэнныя паводзіны ў лесе ён моцна караў, кусцік перастаўляў з аднаго месца на другое, таму чалавек і блудзіў. Нельга ў лесе шкодзіць, нельга забруджваць лес, забіваць птушак ды жывёл. Трэба з павагай ставіцца да жыхароў лесу.

Пазнаёміліся дзеці і з міфічным духам Балотнікам, які насяляе балоты. Выглядае ён вельмі жудасна, уся поўсць у ціне, водарасцях. Трэба быць вельмі асцярожным у лесе, ідучы за журавінамі праз балота, бо калі што не спадабаецца Балотніку, тады цягне ён людзей да сябе, топіць. А вось сапраўдным царом лесу лічыцца Вужыны кароль. Паводле падання, калі перад ім пасцяліць посцілку ды пачаставаць смачнай стравай, ён пакіне дабрадзею кавалачак сваёй чароўнай вужынай кароны, якая будзе дапамагаць у жыцці. Сапраўдным вартаўніком ды гаспадаром любога дома лічылі Дамавіка. У каго дамавік жыве, у той хаце дабрабыт і парадак. А вось гаспадароў-гультаёў Дамавік павучае: то збаночак скіне, то крупу рассыпе, маўляючы: “Сачыце за парадкам, гаспадары, вядзіце лепш сваю гаспадарку”.

Наступным прыпынкам нашага падарожа стаў Заслаўскі млын. Па словах экскурсавода, раней на млын прыязджалі толькі мужчыны. Пры ўваходзе ў памяшканне абавязкова карысталіся “ляніўцам” альбо “сабакам” ці “другой жонкай”. Што гэта за прадмет, ніхто з нас не ведаў. Цікавая рэч, так называлі прыстасаванне для здымання абутку. Гэты прадмет у нечым нагадвае драўляную калоду, у якую ставілі нагу ў абутку. Раней мужчыны былі вялікімі ды здаровымі, боты ў іх былі таксама вялікімі. Дык вось, каб лягчэй зняць абутак, карысталіся “ляніўцам”.

Лялечны тэатр “Батлейка” паказаў свой галоўны спектакль“Цар Ірад”. Падчас прагляду спектакля дзеці даведаліся, што батлейка існавала на Беларусі ажно з XVI стагоддзя і існуе і па сённяшні дзень.

Наведалі мы таксама хату завознікаў, гісторыка-культурную каштоўнасць горада Заслаўля. Тут, на млыне, нас пачаставалі смачным чаем ды пухкімі булкамі мясцовага вырабу.

Падсілкаваўшыся, мы рухаліся далей і прыйшлі да галоўнай каштоўнасці горада – помніка князю Ізаславу, сыну вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. У гонар князя Ізяслава і быў названы горад.

Дадому мы вярталіся ўжо пад вечар, стомленыя, але вельмі задаволеныя. Усю дарогу спявалі, жартавалі і выказвалі пажаданні ў будучым паехаць на экскурсію па роднай Беларусі, бо цікавых і нязведаных месцаў у насхапае.

Вольга ІЛЬІНА,
класны кіраўнік 5-га класа
сярэдняй школы № 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий