- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Школа будучыні вачыма шасцікласнікаў

 

У рамках адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” навучэнцы 6 “А” класа сярэдняй школы № 5 Навагрудка сустрэліся з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання.

На класнай гадзіне “Я і школа” прысутнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г.Сонгін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Э.А.Сарока, а таксама старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў С.В.Мішарын, начальнік упраўлення адукацыі Л.В.Мароз.

Падчас размовы навучэнцы прыгадалі традыцыі сваёй школы, па-даросламу разважалі пра свае правы і абавязкі, вялі размову пра перамогі на алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах. Госці сустрэчы былі таксама актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу і падзяліліся сваімі ўспамінамі пра школьныя гады. Аляксандр Сонгін паказаў школьныя фатаграфіі, распавёў, як цікава праходзілі яго школьныя гады і якім актыўным удзельнікам школьнага жыцця ён быў.

Падчас адкрытага мікрафона навучэнцы задавалі гасцям сустрэчы незвычайныя пытанні. Дзяцей цікавіла, як становяцца лідэрамі, ці патрэбна адзіная школьная форма ва ўстановах адукацыі, магчымасць вывучаць у старэйшых класах толькі шэсць-сем абавязковых прадметаў.

Напрыканцы дзеці прапанавалі сваю мадэль школы будучыні, у якой бачаць робататэхнічны і лінгафонны класы, сучасную спартыўную пляцоўку і скейтпарк. Самыя актыўныя ўдзельнікі прапанавалі стварыць у горадзе квест-зоны і адкрыць батутную арэну.

Штаб актыўнага грамадзяніна сабраў усе прапанаваныя ідэі, каб потым накіраваць у адпаведныя інстанцыі.

Цікавая і карысная сустрэча дапамагла навучэнцам зразумець галоўнае: каб увасобіць усе свае ідэі і змяніць жыццё да лепшага, яны павінны, у першую чаргу, добрасумленна вучыцца і шмат працаваць над сабой.

Святлана САВАСЦЮК,
класны кіраўнік 6 А”класа
сярэдняй школы № 5 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий