- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Любоў да радзімы праз урокі літаратуры

 

Сярод конкурсаў, вечарын і гульняў, прысвечаных радзіме, беларускім традыцыям, побыту беларускіх сялян, якія праводзяцца ў Збароўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Рагачоўскага раёна, найбольш кранула дзіцячыя сэрцы тэма жыцця і творчасці знакамітых землякоў, якія сумленна працавалі на карысць краіне, абаранялі вёску і раён.

Перад правядзеннем шэрагу мерапрыемстваў патрыятычнага кірунку вучні пісьмова адказвалі на пытанні пра радзіму, родную вёску, гарады і вёскі Беларусі, дасягненні землякоў. Пытанні былі пабудаваны такім чынам, каб дзеці паказалі не столькі свае веды, колькі ступень сваёй зацікаўленасці і жаданне даведацца пра сучаснасць і мінулае краіны. Для ўдзелу ў апытванні былі абраны навучэнцы 5–9 класаў. Усяго ў эксперыменце прынялі ўдзел 20 школьнікаў.

Здавальняючы ўзровень зацікаўленасці выявіўся ў пытаннях пра творы беларускай літаратуры тых аўтараў, з якімі вучні яшчэ не былі знаёмыя. Зацікаўленасць знакамітымі месцамі Беларусі аказалася на сярэднім узроўні. На дастаковым узроўні ў рэйтынгу была зацікаўленасць вядомымі дзеячамі роднага краю. Стала зразумела, што над фарміраваннем патрыятычнай свядомасці вучняў неабходна актыўна папрацаваць.

Фарміраванне самасвядомасці, павагі да роднай зямлі, выхаванне патрыятызму вядзецца не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час. За два месяцы эксперыменту з вучнямі было праведзена шмат мерапрыемстваў, якія зацікавілі іх.

Вучні 7 і 9 класаў прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы літаратурнай вечарыны “Караткевіч у маім сэрцы”. Школьнікі чыталі вершы, адказвалі на пытанні віктарыны па беларускіх традыцыях і гарадах Беларусі, паказалі інсцэніроўку і разгадалі крыжаванку паводле творчасці Уладзіміра Караткевіча. Найбольш актыўнымі былі Дар’я Чулец і Дарыя Дзям’яненка, Анастасія Салавей, Ігар Шаталаў і Карына Якаўлева. Афармленнем класнага памяшкання і падрыхтоўкай насценнай газеты займаліся Дар’я Кандратава і Ранальда Андрэйчук.

Пазаўрочная дзейнасць па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” адыгрывае выключнае значэнне ў фарміраванні павагі да роднай мовы. З вучнямі 7 і 8 класаў было праведзена невялікае пазакласнае мерапрыемства на тэму “Радзіма мая дарагая…”, падчас якога кожны ўдзельнік стаў сапраўдным складальнікам вершаў. Вучням былі прапанаваны для работы наступныя словы: Радзіма, павага, Беларусь, маці, мова, шчасце, людзі, любоў, воін, перамога, песня, мір.

Мэта мерапрыемства была дасягнута, ніхто не застаўся абыякавы. Удзел у творчых мерапрыемствах дапамог вучням зразумець неабходнасць ведання гісторыі сваёй радзімы, зацікавіў дасягеннямі знакамітых землякоў.

Кантрольнае пісьмовае апытванне на тэму зацікаўленасці родным краем, творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гісторыяй і сучаснасцю Беларусі паказала, што інтарэс значна вырас у параўнанні з уваходным апытваннем. Вынікі паказалі амаль стопрацэнтную зацікаўленасць вучняў сучасным і мінулым жыццём краіны, значна вырасла жаданне чытаць творы беларускіх пісьменнікаў, якія не сустракаюцца ў праграме, зацікавілі вучняў і традыцыі беларускага народа. Мы разумеем, што неабходна пастаянная мэтанакіраваная работа па фарміраванні патрыятызму, пачуцця павагі да роднага краю.

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Збароўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Рагачоўскага раёна,
метадыст Рагачоўскага РВМК

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий