- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Тувэ Янсан і знаёмства з Фінляндыяй

 

Падарожнічаць па краінах і кантынентах, знаёмячыся з традыцыямі, культурай розных народаў, можна на аўтамабілі, параходзе, самалёце, а можна і віртуальна. У гэтым упэўніліся вучні Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна.

На працягу трох месяцаў школьнікі падарожнічалі ў віртуальным свеце, вывучаючы культуру краін Еўропы, іх традыцыі. Яны знаёміліся з літаратурай, музыкай гэтых краін, каб затым прадставіць на “Фестывалі нацыянальных культур”.

Асаблівую цікавасць юных даследчыкаў выклікала Фінляндыя. Нягледзячы на тое, што гэта паўночная краіна, яе культура яркая, самабытная, але знаёмая яшчэ мала. Амаль невядомая для большасці людзей, якія пражываюць за межамі Скандынаўскага паўвострава,і фінская літаратура. Аднак ёсць сярод літаратурных твораў Фінляндыі тыя, што ведаюць ва ўсім свеце – гэта кнігі пра мумі-троляў, напісаныя фінскай пісьменніцай і мастачкай шведскага паходжання Тувэ Янсан.

Дзякуючы Пасольству Фінляндыі ў Рэспубліцы Беларусь, вучні нашай школы атрымалі ўнікальную магчымасць для знаёмства з літаратурнай спадчынай фінскай пісьменніцы. Да нас завітала выстава коміксаў сусветна вядомай пісьменніцы “Мумі-троль і Камета”.

Дзеці змаглі не толькі наведаць выставу, але і больш глыбока пазнаёміцца з творчасцю Тувэ Янсан і створанымі ёю казачнымі персанажамі. Каардынатар культурных праектаў Пасольства Фінляндыі ў Беларусі Вольга Рызмакова расказала гісторыю з’яўлення мумі-троляў, адначасова пазнаёміўшы з геаграфіяй, культурай і традыцыямі Фінляндыі. Затым навучэнцы паўдзельнічалі ў віктарыне, якую правяла роставая лялька Мумі-троль, і атрымалі памятныя падарункі .

Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий