- Праекты

Праект “Школьная субота па-беларуску: весела і карысна”

(міжшкольны вучэбна-забаўляльны праект
па папулярызацыі беларускай мовы)

 

Лідзія ЖЫХ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Дварэцкай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна

 

Сучасная школа павінна быць па-сапраўднаму сучаснай: карыснай, цікавай, вучыць, выхоўваць, забаўляць вучняў. Сумяшчаць гэтыя накірункі даволі няпроста, але магчыма. Для гэтага патрэбна “усяго толькі” аб’яднаць у адным месцы жаданне даведацца пра нешта новае, інтэрнэт (у ім можна і павучыцца, і пагуляць), гульню, дыскатэку, спаборніцтвы і новыя знаёмствы. Як, калі, дзе і каму гэта зрабіць? Адказ просты: у школе, у суботу настаўнікі і вучні збіраюцца, каб вучыцца, гуляючы.

Праект “Школьная субота па-беларуску: весела і карысна” складаўся з дзвюх частак: сеткавай гульні “Я люблю беларускую мову” і міжшкольнага свята “Мы любім родную мову”, якое адбылося ў рэальным часе ў шосты школьны дзень. Міжшкольнае свята складалася з квест-гульні “Таямніцы роднай мовы” і вечара адпачынку.

Праект меў на мэце стварэнне ўмоў для павышэння матывацыі да вывучэння роднай мовы і быў накіраваны на рэалізацыю наступных задач:

   – развіваць лінгвакультуралагічную, камунікатыўную, рытарычную кампетэнцыю вучняў;

   – садзейнічаць развіццю аналітычнага мыслення, групавой самаарганізацыі, творчых здольнасцей;

   – спрыяць выхаванню патрыятызму, павагі да роднай мовы.

Спачатку з нагоды святкавання Міжнароднага дня роднай мовы мы запрасілі школы раёна паўдзельнічаць у сеткавай гульні “Я люблю беларускую мову”. Гульня праводзілася з 17 па 21 лютага і сабрала сем каманд з Дзятлаўскага раёна. Удзельнікамі маглі стаць вучні 5–11 класаў. Для выканання заданняў неабходна было размеркаваць ролі паміж членамі каманды; адказы на заданні змяшчаць на персанальнай старонцы або ў сумесным дакуменце.

Для правядзення гульні быў створаны сайт “Дзень роднай мовы”, на якім былі абвешчаны ўмовы гульні, інструкцыі да заданняў, тэрміны выканання, ліст ацэньвання і ліст праходжання гульні. Для кожнай каманды, якая вырашыла прыняць удзел, была створана асабістая старонка, дзе каманды і размяшчалі выкананыя заданні.

Заданні не былі вельмі складанымі, але і зусім простымі іх таксама не назавеш, паколькі тэрмін выканання быў дастаткова кароткім.

Этапы гульні Тэрмін выканання Тлумачэнне заданняў
1 Візітоўка 17–18.02.2020 Прыдумаць назву камандзе, эмблему і дэвіз. Размеркаваць ролі паміж удзельнікамі каманды. Інфармацыю пра ўдзельнікаў і куратараў размясціць на старонцы каманды.
2

Заданне № 1
“Помнікі мове, літарам, слову, кнізе”

17–19.02.2020

Сабраць інфармацыю, скласці гугл-прэзентацыю, якая будзе змяшчаць фота– і відэаматэрыялы, слоўнае апісанне, магчыма гукавое суправаджэнне. Прэзентацыю ўставіць на сваю старонку. Актыўную спасылку на прэзентацыю размясціць у “Лісце праходжання гульні”.

3

Заданне № 2 “Воблака слоў”

18–20.02.2020 Скласці воблака слоў, прысвечанае роднай мове, уставіць на сваю старонку. Актыўную спасылку на прэзентацыю размясціць у “Лісце праходжання гульні”.
4

Заданне № 3
“Дыяманты”

18–20.02.2020 Скласці дыямант, прысвечаны мове, размясціць яго на дошцы padlet. Актыўную спасылку на дошку размясціць у “Лісце праходжання гульні”.
5

Заданне № 4
“Слоўныя рэбусы”

17–21.02.2020 Разгадаць рэбусы, растлумачыць лексічнае значэнне слоў, скласці тлумачальны слоўнік, па магчымасці растлумачыць паходжанне слова.
6

Заданне № 5
“Крыжаванкі”

з 9:00 20.02. да 17:00 21.02.

Разгадаць крыжаванку. Прапанаваныя словы з рускай мовы перакласці на беларускую і скласці з імі крыжаванку ў сэрвісе https://learningapps.org/

Апошнім этапам стала квест-гульня “Таямніцы роднай мовы”, які прайшоў у рэальным часе ў рамках міжшкольнага свята “Мы любім родную мову”. Удзельнікі сеткавай гульні з’ехаліся ў шосты школьны дзень у нашу школу, каб прайсці па пяці станцыях: “Блытаніна”, “Перакладчыкі-мадэльеры”, “Іншасказальная”, “Гульнёвая”, “Гутарковая”. На кожнай станцыі іх чакалі розныя моўныя заданні, а каб трапіць на кожную станцыю, патрэбна было камандай прайсці пэўныя выпрабаванні ад разгадвання рэбусаў і загадак да пераадолення “павуціны” і “міннага поля”.

Пасля заканчэння ўдзельнікі квест-гульні танцавалі на вечары адпачынку. Закончылася свята ўзнагароджаннем пераможцаў.

 

Сцэнарый квест-гульні
“Таямніцы роднай мовы”

Вядучы: Добры дзень! Мы рады вітаць усіх у нашай школе. Сёння мы разам адзначым Міжнародны дзень роднай мовы, які святкуецца 21 лютага. Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны 17 лістапада 1999 года. Ва ўсім свеце яго пачалі адзначаць з 2000 года. Дата 21 лютага абрана ў знак памяці падзей, якія адбыліся ў горадзе Дака (цяпер – сталіца Бангладэш). У гэты дзень 1952 года ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты, якія выйшлі на дэманстрацыю ў абарону сваёй роднай мовы – бенгалі, якую яны патрабавалі прызнаць адной з дзяржаўных моў краіны.

Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі толькі ад часу залічэння ў 2009 годзе Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры беларускай мовы да ліку моў, якім пагражае знікненне.

Чаму ж наша мова трапіла ў такое становішча? Таму што мы амаль не размаўляем па-беларуску.

А сёння мы паспрабуем пранікнуць у таямніцы нашай роднай мовы праз гульню. На пяці станцыях вас чакаюць розныя заданні. Магчыма, камусьці яны пададуцца простымі, камусьці – складанымі. Дакладна адно: гульня дапаможа вам у спазнанні невычэрпных багаццяў роднай мовы. Аднак, каб трапіць на станцыі, вам трэба будзе таксама прайсці выпрабаванні. І першае выпрабаванне – атрымаць маршрутныя лісты. Гэта будзе не проста. Мы зашыфравалі для вас кодавае слова ў рэбусах (Дадатак 1). Адгадаўшы рэбус, вы даведаецеся, з якой станцыі пачнецца ваша падарожжа. (Каманды атрымліваюць рэбусы. У абмен на слова каманды атрымліваюць маршрутныя лісты, на якіх абазначаецца час пачатку гульні).

Усім камандам жадаем поспеху ў гульні!

 

     Станцыя 1. “Блытаніна”. Максімальны час выканання задання 15 хвілін. (Вядучы фіксуе час прыбыцця каманды на станцыю і час яе адбыцця, час праходжання перашкоды не ўлічваецца).

Абсталяванне: ніткі, крэслы, выказванне пра родную мову, “парэзанае” на склады.

Выказванне: Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)

(На ўваходзе расстаўлены 5 вучнёўскіх крэслаў, абматаных паміж сабой ніткамі).

Вядучы 1. Каб патрапіць на станцыю, вам патрэбна прайсці ўсёй камандай перашкоду “Павуціна” так, каб не зачапіць “павуціну” (вучні па адным праходзяць павуціну. Калі закранаецца павуціна, праходжанне пачынаецца спачатку).

Вядучы 1. Малайцы! Справіліся з першай перашкодай, а цяпер вас чакае сапраўднае выпрабаванне. Вам патрэбна скласці з прапанаваных складоў выказванне пра мову. Дадатковыя балы будуць вам налічаны, калі вы зможаце назваць аўтара выказвання.

(Вядучы 1 фіксуе час прыбыцця каманды на станцыю і час яе адбыцця. Праходжанне “павуціны” у час прыбыцця на станцыю не ўлічваецца).

Ацэньванне: 5 балаў налічваецца за састаўленае выказванне; 1 бал дадаецца за прозвішча аўтара (максімальная колькасць балаў – 6); калі каманда не спраўляецца за 15 хвілін, то налічваюцца штрафныя балы (па 0,1 за кожную дадатковую хвіліну).

 

Станцыя 2. “Перакладчыкі-мадэльеры” (максімальны час выканання задання – 15 хвілін. Вядучы 2 фіксуе час прыбыцця каманды на станцыю і час яе адбыцця. У час знаходжання на станцыі ўлічваецца разгадванне загадак).

Абсталяванне: ліст з загадкамі, лісты са словамі для перакладу, выява мадэлі ў адзенні для апісання вучнямі.

Вядучы 2. Каб патрапіць на станцыю, вам патрэбна разгадаць загадкі. Будзьце ўважлівыя, думайце хутка, паколькі, чым больш часу вы патраціце на загадкі, тым менш яго застанецца для асноўнага задання.

Дзесяць пальцаў, а пазногцяў няма. пальчаткі
Вярхом сядаю, на кім – не знаю, знаёмага ўбачу – адразу саскочу. шапка
Ішоў, ішоў, дзве дарогі знайшоў і ў абедзве пайшоў. штаны
У нас заўсёды ёсць, а ў коней – ніколі. абутак

Вядучы 2. Малайцы, справіліся з першым выпрабаваннем. Ваша галоўная задача – перакласці на беларускую мову назвы адзення (Дадатак 2). Гэта вы выконваеце пісьмова. Таксама вам прадстаўлены фотаздымак мадэлі (Дадатак 2.1). Патрэбна назваць, у што апранута мадэль. Заданне прадстаўляе адзін вучань у выглядзе звязнага тэксту-апісання.

Заданні можна выконваць адначасова, раздзяліўшыся, а можна паслядоўна. Але помнім, што час абмежаваны. Усяго на выкананне задання адводзіцца 15 хвілін. За кожнае правільна перакладзенае слова вы атрымаеце 0,5 балаў, а за апісанне мадэлі максімальна будзе налічана 3 балы. І яшчэ памятайце, што за ўжыванне рускамоўных слоў і арфаграфічныя памылкі налічваюцца штрафныя балы (па 0,1 за кожную памылку і за кожнае рускамоўнае слова).

жилетка камізэлька рубашка  кашуля
штаны нагавіцы юбка спадніца
носки шкарпэткі сапоги боты
карман кішэня платье сукенка
шуба футра передник фартух
шляпа капялюш ботинки чаравікі
шарфик шалік ленточки каснічкі

Ацэньванне: 0,5 бала за кожнае правільна перакладзенае слова; за апісанне мадэлі дадаецца максімальна 3 балы; штрафныя балы (0,1) налічваюцца за кожную арфаграфічную памылку і кожнае рускамоўнае слова, ужытае ў выказванні.

 

Станцыя 3. “Іншасказальная” (максімальны час выканання задання 15 хвілін. Вядучы 3 фіксуе час прыбыцця каманды на станцыю і час яе адбыцця. Выпрабаванне “Міннае поле” не ўлічваецца ў час праходжання этапу).

Абсталяванне: кеглі, шалік для завязвання вачэй, лісты з фразеалагізмамі для суаднясення пар, лісты з фразеалагізмамі для тлумачэння значэнняў.

Вядучы 3. Каб патрапіць на станцыю, вам патрэбна прайсці па “мінным полі” з завязанымі вачамі пры падказках каманды. Аднаму вучню завязваюцца вочы, а каманда падказвае. Калі вучань збівае кеглю, то пачынае спачатку.

Вядучы 3. Вы зладжаная каманда, змаглі пераадолець “міннае поле” хутка і амаль без стратаў. А цяпер вас чакае асноўнае выпрабаванне. Стагоддзямі беларускі народ назапашваў жыццёвы вопыт і перадаваў яго з пакалення ў пакаленне. Загадкі, прымаўкі, прыметы, фразеалагізмы – мноства інфармацыі ў адкрытай і зашыфраванай форме. Ваша задача суаднесці фразеалагізмы з іх значэннем, а таксама растлумачыць значэнне фразеалагізмаў (Дадатак 3).

Фразеалагізм Значэнне
Біць у хамут упарціцца, рэзка рэагаваць
Хоць вока выкалі цёмна
Нага не ступала пра невядомае, нявывучанае месца
Хоць іголкі збірай светла
Ні свет ні зара рана
Чорт ногу зломіць пра складаную, заблытаную сітуацыю
Як з неба зваліўся раптам
Як у аптэцы дакладна
Рукой падаць блізка

 

Фразеалагізм Значэнне
На кожным кроку часта
Пусціць на вецер растраціць, змарнаваць
Дацца ў знакі запомніцца
Абы дзень да вечара абы-як, не стараючыся
На макулінку зусім мала
Бібікі біць лайдачыць, нічога на рабіць
На злом галавы бяздумна рызыкаваць
Муціць ваду падманваць, заблытваць
Разышліся дарогі пасварыцца, разысціся ў жыцці

Ацэньванне: за кожны правільны адказ – 0,5 бала, за няправільны – 0; штрафныя балы (0,1) налічваюцца за кожную арфаграфічную памылку. Калі каманда не спраўляецца за 15 хвілін, то ацэньваецца толькі тая частка задання, якую паспелі выканаць.

Максімальная колькасць балаў – 9.

 

Станцыя 4. “Гульнёвая”. Максімальны час выканання задання – 15 хвілін. Вядучы 4 фіксуе час прыбыцця каманды на станцыю і час яе адбыцця.

Абсталяванне: камп’ютар з выхадам у інтэрнэт, пажадана праектар. Спасылкі на заданні электроннай гульні:

1) https://learningapps.org/view1364688;

2) https://learningapps.org/view1369740

Вядучы 4: На гэтай станцыі балы камандзе прынясуць асобныя вучні. Каб стаць удзельнікам гульні, трэба адказаць на пытанні. Хто першы адкажа, той атрымлівае права гуляць. Пры няправільным адказе адказваць будзе прадаўжаць наступны вучань. За падказкі камандзе налічваюцца штрафныя балы (0,5). За тлумачэнне слова ў працэсе гульні налічваюцца дадатковыя балы (0,5). Задача вучняў: прайсці электронную віктарыну без штрафных балаў.

Ацэньванне: за кожную пройдзеную без штрафных балаў гульню налічваецца агульныя 2 балы, за тлумачэнне слова ў першай гульні налічваюцца дадатковыя балы (0,5), за падказкі – штраф 0,5 за кожную.

Пытанні для адбору вучняў (па адным пытанні кожнаму вучню па чарзе, хто адказаў, будзе ўдзельнікам, хто не адказаў – будзе гледачом):

1) Назавіце правільны адказ.

Словы, якія маюць толькі адно значэнне, – гэта …
     а) агульнаўжывальныя;
     б) мнагазначныя;
     в) адназначныя.

2) Назавіце правільны адказ.

Словы, якія вымаўляюцца і пішуцца аднолькава, але маюць розныя значэнні, – гэта …
     а) антонімы;
     б) сінонімы;
     в) амонімы.

3) Назавіце правільнае сцвярджэнне.

Прамое значэнне – гэта …
     а) асноўнае значэнне слова;
     б) значэнне, якое ўзнікае на аснове пэўнага падабенства;
     в) тое, што слова абазначае.

4) Назавіце ў сказах фразеалагізмы.
     а) Сёлета грыбоў у лесе хоць касой касі.
     б) Ён толькі абяцанкамі корміць.
     в) Дроў пад паветкаю – кот наплакаў.

5) Назавіце антонімы да слоў.
     родны – чужы
     лёгка – цяжка
     стары – малады
     цёплы – халодны
     дзень – ноч

6) Назавіце антонімы да слоў.
     высока – нізка
     горкі – салодкі
     сіла – слабасць

7) Назавіце антонімы ў прыказках.
     а) Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там пуста.
     б) Хто не шануе чужога, той і свайго не мае.
     в) Не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння.
     г) З вялікага грому малы дождж бывае.
     д) Дай дзецям волю, то сам трапіш у няволю.

8) Назавіце, як называюць.
     а) чалавека, які здзейсніў подзвіг:
         герой;

     б) вялікую гару снегу, намеценую ветрам:
         сумёт;

     в) прыемны пах кветак:
         водар.

9) Назавіце правільны адказ.

Словы, якія маюць некалькі значэнняў, – гэта словы…
     а) адназначныя;
     б) мнагазначныя;
     в) агульнаўжывальныя.

10) Назавіце правільны адказ.

Словы, якія вымаўляюцца і пішуцца па-рознаму, але маюць блізкае значэнне, называюцца.
     а) антонімамі;
     б) сінонімамі;
     в) амонімамі.

11) Назавіце правільнае сцвярджэнне.

Пераноснае значэнне – гэта …
     а) асноўнае значэнне слова;
     б) значэнне, якое ўзнікае на аснове пэўнага падабенства;
     в) тое, што абазначае слова.

 

Станцыя 5. “Гутарковая” (максімальны час выканання задання15 хвілін). Вядучы 5 фіксуе час прыбыцця каманды на станцыю і час яе адбыцця.

Абсталяванне: лісты паперы, канторка для выступленняў.

Вядучы 5: Уявіце сябе такую сітуацыю: вы трапілі ў чароўную краіну, у якой жывуць усе мовы свету. Краіна чароўная, і таму мовы ўмеюць размаўляць. Што магла б сказаць родная мова сваім носьбітам? Ваша задача падрыхтаваць маналог роднай мовы і прадставіць яго.

Ацэньванне: максімальная колькасць – 5 балаў, за кожнае рускамоўнае слова – штраф 0,2 бала.

Пасля праходжання камандамі ўсіх станцый удзельнікі збіраюцца на месцы старту гульні.

Вядучы: Станцыі пройдзены, заданні выкананы. Зараз засталося самае складанае – чакаць вынікаў. Пакуль журы будзе падлічваць, вы можаце патанцаваць.

Дадатак-1

Дадатак-2_-2.1

Дадатак-3

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий