- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Тэатр у станаўленні асобы дашкольнікаў

 

У яслях-садзе № 152 Гомеля на працягу многіх гадоў працуе тэатральная студыя “Калабок” пад кіраўніцтвам выхавальніка Алены Баранавай, якая вядзе планамерную працу па развіцці творчай ініцыятывы дзяцей праз тэатралізаваную дзейнасць.

Тэатральная дзейнасць – гэта самы распаўсюджаны від дзіцячай творчасці. Уваходзячы ў вобраз, дзіця іграе розныя ролі, імкнучыся пераймаць тое, што яго зацікавіла, і атрымлівае ад гэтага велізарную эмацыянальную асалоду. Стварэнне педагогам спектакляў з дзецьмі – вельмі займальны і карысны занятак. Сумесная творчая дзейнасць далучае да працэсу пастаноўкі нават недастаткова актыўных дзяцей, дапамагаючы ім пераадольваць сарамлівасць і замкнёнасць.

Мы бачым, што заняткі ў тэатральнай студыі развіваюць інтарэсы і здольнасці нашых выхаванцаў, і ўвогуле ўплываюць на іх агульнае развіццё: дзеці становяцца больш дапытлівымі, настойлівымі, у іх праяўляецца мэтанакіраванасць. Частыя выступленні на сцэне перад гледачамі спрыяюць рэалізацыі творчых сіл і духоўных патрэб дзіцяці, разняволенню і павышэнню самаацэнкі. Чаргаванне функцый выканаўцы і гледача, якія пастаянна бярэ на сябе дзіця, дапамагаюць яму прадэманстраваць таварышам сваю пазіцыю, уменні, веды, фантазію.

– Атрыманы станоўчы эмацыянальны зарад ад паказу спектакля, набытая вера ў свае сілы дапамагаюць выхаванцам спраўляцца са сваімі комплексамі, вучаць разважаць, аналізаваць свае паводзіны і паводзіны іншых людзей, – тлумачыць Алена Мікалаеўна. – Дзеці становяцца больш уважлівымі і памяркоўнымі адно да аднаго, а іх гульнявая дзейнасць актывізуецца, набывае творчы характар, эмацыянальную насычанасць.

Наталля ПІМАШЭНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 152 Гомеля

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий