- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Тыдзень міласэрнасці

 

Тыдзень міласэрнасці, прымеркаваны да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю, прайшоў у Магілёўскім абласным цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Стартаваў тыдзень з наведвання навучэнцамі і іх бацькамі інклюзіўнага мерапрыемства “Падары дзіцяці казку” у абласным тэатры лялек, арганізаванага пры падтрымцы рэгіянальнага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд”. Нашы дзеці атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а таксама сталі ўдзельнікамі акцыі “Стань заўважным у цемры”.

З пачаткам снежня ў гімназіі № 4 Магілёва стартавала акцыя “Ёлка жаданняў”. На чароўнай ёлачцы ў холе ўстановы размясціліся паштоўкі з фотаздымкамі нашых выхаванцаў і іх самымі запаветнымі жаданнямі. Педагогі, школьнікі і іх бацькі змогуць зрабіць дзіцяці-інваліду падарунак і пакласці яго пад ялінку з указаннем атрымальніка. Усе падарункі будуць уручаны на навагоднім музычным свяце.

На працягу ўсяго тыдня ў кожным спецыяльным класе і дашкольнай групе ЦКРНіР праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы, творчыя майстар-класы, асноўнай мэтай якіх было падарыць душэўную цеплыню і радасць дзецям і іх бацькам. Так, забаўляльна-гульнявая праграма “Падарожжа па казках” дазволіла навучэнцам спецыяльных класаў акунуцца ў чароўны казачны свет. Дзеці з цікавасцю прынялі гульнявы сюжэт, настроіліся на сумесную дзейнасць.

 

У ходзе падрыхтоўкі мерапрыемства педагогі праводзілі з дзецьмі папярэднюю работу: чыталі казкі; малявалі па матывах казак; праглядалі мультфільмы. Пры выкананні калектыўнай работы “Свет маіх захапленняў”, у творчай майстэрні “Анёл у тваім сэрцы” дзеці эксперыментавалі з мастацкімі матэрыяламі. У ходзе калектыўнага творчага занятка “Зрабі падарунак сябру” выхаванцы вырабілі гномікаў і анёлаў. Была зладжана выстава творчых работ “Абмежаваныя магчымасці і неабмежаваныя фантазіі”, на якой прадстаўлены прадукты творчай дзейнасці навучэнцаў з цяжкімі множнымі парушэннямі і іх братоў і сясцёр.

Таксама ў цэнтры было арганізавана агульнае музычна-забаўляльнае мерапрыемства “Па дарозе дабра” з удзелам валанцёраў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Навучэнцы разам з педагогамі і студэнтамі вадзілі карагоды, удзельнічалі ў гульнях, танчылі, з задавальненнем выканалі мелодыю “Дарога дабра” на музычных інструментах.

Скончыўся тыдзень міласэрнасці правядзеннем акцыі “Падары дзіцяці радасць”, падчас якой педагогамі і бацькамі-валанцёрамі былі сабраныя для рабят канцылярскія тавары і матэрыялы для творчасці, а таксама праведзена анкетаванне жыхароў горада па пытаннях інклюзіі. Дапамагаючы дзецям-інвалідам, неабыякавыя грамадзяне стварылі для навучэнцаў нашага цэнтра сапраўдную атмасферу дабра і клопату.

Правядзенне тыдня міласэрнасці развівала асобу дзяцей, спрыяла іх уключэнню ў сацыяльнае жыццё, забяспечвала магчымасць для самарэалізацыі ў сумеснай дзейнасці з аднагодкамі і дарослымі.

Дзіна ЛАЗУРКІНА,
намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога
цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий