Школьная бізнес-кампанія “Эка-Vita”

- 11:11ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

У Струкачоўскім дзіцячым садзе сярэдняй школе Кармянскага раёна ўжо на працягу двух гадоў рэалізуецца праект па вырошчванні на прышкольным участку расады гародніны, аднагадовых кветак і экалагічна чыстай гародніны з ужываннем тэхналогій арганічнага земляробства для патаннення харчавання навучэнцаў.

Бізнес-кампанія “Эка-Vita” пачала сваю дзейнасць у 2018 годзе, пасля таго як італьянскія сябры падарылі школе цяпліцу. Гэта якраз супала з уведзеннем у школьную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у старшых класах устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Так нашы навучэнцы абралі спецыяльнасць агародніка і з задавальненнем уключыліся ў праект, бо вырошчванне расады для продажу – перспектыўны і запатрабаваны бізнес. З надыходам дачнага сезона пачынаюцца садова-агародныя працы, з’яўляецца шмат жадаючых набыць якасную расаду. Гэта дае добрыя перадумовы для рэалізацыі вырашчанай расады, таму застою ў бізнесе з-за адсутнасці збыту прадукцыі не прадбачыцца, а з улікам мінімальных выдаткаў ідэя па вырошчванні і продажы расады дае станоўчы баланс для развіцця такога віду бізнесу. Задача ж заключаецца ў тым, каб вырасціць здаровыя і моцныя расліны з наступнай рэалізацыяй іх насельніцтву і розным установам для атрымання прыбытку.

    

Варта адзначыць, што праект накіраваны не толькі на рацыянальнае выкарыстанне зямельнага ўчастка для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, што, безумоўна, значна. Мы прыцягваем да праекта вучняў школы для выхавання працавітасці, прадпрымальнасці і адказнасці, развіцця якасцей і задаткаў лідэра-прадпрымальніка, здольнага да паспяховай прафесійнай самарэалізацыі. Увогуле, тэарэтычная значнасць праекта заключаецца ў падрыхтоўцы да самастойнага жыцця ва ўмовах рыначнай эканомікі, у атрыманні новых ведаў і ўменняў. Навучэнцы атрымліваюць веды па арганізацыі вытворчасці, маркетынгу, эканоміцы, тэхналогіі вытворчасці, а таксама навучаюцца менеджменту. Мы вучым прымяняць веды на практыцы, аналізаваць і складаць бізнес-план. На аснове атрыманых вынікаў адкрываецца магчымасць пачаць сваю справу і рэальна зарабляць грошы ва ўмовах вёскі.

Праект рэалізуецца на працягу пяці месяцаў (люты-чэрвень) кожнага года. За два гады яго рэалізацыі навучэнцамі было вырашчана больш як 200 гатункаў таматаў, перцу і капусты і рэалізавана 5 000 каранёў таматаў і перцу, звыш 50 гатункаў аднагадовых кветак, а гэта больш за 6 000 каранёў.

 
Маргарыта САДАШЭНКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Струкачоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Кармянскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий