- Навагодняя пошта

Дзіўныя думкі пяцікласнікаў пра навагоднія цуды

 

Дзеці, як ніхто, вераць у навагоднія цуды. Да канца снежня яны ўзмоцнена пачынаюць добра сябе паводзіць, прадумваюць лісты Дзеду Марозу, цікавячыся пры гэтым у бацькоў, ці хопіць дзядулю грошай на той ці іншы падарунак, чакаюць ёлку і абяцаюць у Новы год не спаць да раніцы.

Часта мы кажам, што сёння дзеці распешчаныя, думаюць толькі пра матэрыяльнае, іх нічым не здзівіш. Ці так гэта? Мы прапанавалі пяцікласнікам сярэдняй школы № 1 Смаргоні напісаць сачыненне на тэму “Цуды пад Новы год”. І вось пра што мараць сучасныя дзеці, чаго чакаюць ад свята. Абавязкова прачытайце ўрыўкі з дзіцячых сачыненняў. Гэта не толькі падыме настрой, выклікае ўсмешку, але і па-добраму здзівіць.

“Я хачу пад Новы год паехаць на Паўночны полюс. Я хачу, каб на Новы год ва ўсіх быў добры настрой, каб мы паставілі самую вялікую ёлку і прыбралі яе цацкамі і гірляндамі. Я хачу, каб выпаў снег і замёрз каток, таму што я люблю катацца на каньках і гуляць у снежкі. (Максім Сямко, 5 “В”).

“Мама спыталася ў Мішы: “Ты добра сябе паводзіў у гэтым годзе?” Міша не быў упэўнены, што паводзіў сябе добра”. (Артур Мутняк, 5 “В”).

“У Новы год, пад пах мандарынаў, я б хацела… апынуцца ў казцы, каб з усімі дванаццаццю месяцамі пасядзець ля вогнішча. Яшчэ б я хацела пабачыць саму каралеву Вялікабрытаніі і сустрэць з ёй Новы год”. (Сафія Гульбіцкая, 5 “В”).

“Аднойчы, напярэдадні Новага года, я ішла па вуліцы. Падаў снег. Раптам адна сняжынка, якая ўпала на зямлю, стала расці. Яна расла, расла, пакуль не ператварылася ў снежны самалёт, які адвёз мяне ў чароўную паўночную краіну. Там было холадна, але выдатна. Снегавікі, якія ўмелі гаварыць,частавалі мяне смачным марозівам”. (Карына Балыш, 5”В”).

“Я з нецярпеннем чакаю навагодняй ночы, калі Дзед Мароз выканае ўсе мае жаданні. Я пажадала здароўя ўсёй сваёй сям’і і сябрам, каб усё ў нас і ва ўсіх было добра. Бо ў жыцці падарункі не галоўнае!” (Настасся Бань, 5 “Б”).

“Я вельмі хачу, каб усе на планеце былі здаровымі і шчаслівымі”. (Серафіма Вяроха, 5 “Б”).

“Я хачу папрасіць у Дзеда Мароза, каб усе бедныя сталі багатымі, галодныя – сытымі, хворыя – здаровымі!” (Раман Дыско, 5 “Б”).

“Аднойчы пад Новы год са мной здарыўся цуд. Толькі я лёг спаць, як пачуў шум у суседнім пакоі. Я пайшоў туды і ўбачыў, што там Дзед Мароз змагаецца з Каронавірусам. Дзед Мароз крыкнуў мне: “Уцякай!” З усіх ног пабег я ў свой пакой і зачыніўся. На наступную раніцу, калі прачнуўся, уключыў навіны і даведаўся, што Каронавірус знік. Я быў вельмі рады!” (Дзяніс Цярэшка, 5 “Б”).

“У адным маленькім гарадку жыў хлапчук. Да Новага года заставаўся дзень, а ён ніяк не мог прыдумаць падарунак пад ёлку. Засмучаны, хлопчык заснуў, і яму прыснілася, што ён апынуўся ў незнаёмым месцы. Там хадзілі дзядулі і бабулі, пра якіх усе забыліся. І хлопчык зразумеў, што загадаць пад Новы год! Калі прачнуўся, ён патэлефанаваў сваёй бабулі, і яна прыехала да іх на Новы год”. (Аляксей Станкевіч, 5 “Б”).

“Я вам скажу: загадвайце жаданні не для сябе, а для іншых. Гэтыя жаданні дакладна спраўдзяцца!” (Аліна Ёч, 5 “Б”).

“Калі не верыш, то ніякіх цудаў не здарыцца, а калі верыш, то здарыцца можа ўсё!” (Данііл Янкоўскі, 5 “Б”).

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий