- Навагодняя пошта

Казка з майстэрні Дзеда Мароза

 

Поступ Новага года чуецца ўсё бліжэй. З гэтым святам звязаны мары і жаданні многіх дзяцей. Педагогі і вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна сваімі рукамі стваралі навагодні настрой.

 

Традыцыйна пачала сваю працу “Майстэрня Дзеда Мароза”. Вучні выразалі сняжынкі, шары, цацкі, рабілі гірлянды для ўпрыгожвання. І хутка школа зайграла новымі фарбамі. Ля ўвахода кожнага сустракаюць лясныя жыхары – лесавікі, зробленыя з ёлак і шышак. Яны нібы нагадваюць: казка набліжаецца! Далей у фае размясцілася фотазона. Сярод белых снягоў у санях, поўных падарункаў, едзе разам са сваёй памочніцай Снягуркай Дзед Мароз. А насупраць яго на фоне зорнага неба – утульны дом з камінам і крэслам-каталкай. Усё ўпрыгожана мішурой. Заходзьце, калі ласка!

Упрыгожана не толькі фае школы, але і кожны вучэбны кабінет. Для навучэнцаў была магчымасць праявіць свае здольнасці і фантазію. На вокнах – агульная кампазіцыя, а ў кожным пакоі – свая непаўторная казка. Завяршыла ўбранне навагодняя ілюмінацыя.

За ўпрыгожваннем не забыліся пра дзейнасць валанцёрскага атрада “Па закліку сэрца”. У гэты няпросты час дапамога, нават добрае слова, асабліва патрэбныя адзінокім і састарэлым людзям. А 10 снежня стартуе акцыя “Нашы дзеці”, у якой мы прымем актыўны ўдзел.

Галоўнае, каб у гэтыя дні ніхто не адчуваў сябе адзінокім, а ў паветры лётаў казачны настрой.

Алена АМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий