- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Лён – табе пашана і паклон!

 

Музейна-педагагічны занятак “Лён – табе пашана і паклон!” у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі наведалі вучні 8-га класа сярэдняй школы № 11 Ліды.

Беларусь спакон вякоў славіцца сваім ільном. Беларусы вельмі любяць адзенне з лёну. Гэта і практычна, і прыгожа. А калі мы едзем за мяжу, то абавязкова возьмем сувенір з беларускага лёну.

Прыгожую і карысную расліну, асабліва яе цвіценне, услаўляюць паэты, пісьменнікі, мастакі.

Усе віды працы па вырошчванні і апрацоўцы лёну ў наш час механізаваны, машыны працуюць як на палях, так і на ільнозаводах і ткацкіх фабрыках. А як жа было раней? Як лён вырошчвалі нашы продкі? Як з расліны з такім цвёрдым сцяблом атрымоўвалі мяккую нітку? Як з нітак ткалі палатно? Якім быў кошт таго палатна?

Пра гэта і шмат іншае вучні 8 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Ліды даведаліся падчас музейна-педагагічнага занятка.

Куратар выставы Ірэна Клімовіч падрабязна пазнаёміла юных наведвальнікаў з усімі этапамі працы нашых продкаў з ільном.

Земляробчыя работы пачыналіся з падрыхтоўкі зямлі да сяўбы. Сяляне ўзворвалі поле драўлянай сахой, пасля прыступалі да сяўбы лёну. Па традыцыі гэтай працай займаліся мужчыны. Згодна з народнымі прыметамі, рабіць гэта можна было толькі ў пятніцу ці суботу. Калі засяваннем лёну займаліся мужчыны, то наступныя этапы працы, звязаныя з вырошчваннем і апрацоўкай, пераходзілі ў жаночыя рукі. Важнае значэнне мела праполка поля ад пустазелля. У сярэдзіне жніўня ільняныя галоўкі станавіліся залаціста-карычневага колеру – гэта было сігналам таго, што лён паспеў і прыйшоў час для яго ўборкі з поля. Традыцыйна лён вырывалі з каранямі, каб захаваць даўжыню валакна, і звязвалі ў снапы для прасушкі. Потым зерне выбівалі (абчэсвалі) пранікам, а атрыманую трасту адпраўлялі на поле не менш як на 1–2 месяцы, кааб вылежалася ў росах, вымачылася дажджамі.

             

Высушаны лён зноў трапляў у рукі жанчын. Цяпер у ход пускаліся самыя розныя прылады працы: церніца, трапала, драўляныя або металічныя грабяні. Усе яны былі прадстаўлены на выставе. Вучні нават паспрабавалі на практыцы авалодаць уменнем працаваць гэтымі прыладамі працы. Для часання валакна выкарыстоўваліся і шчоткі, якія выраблялі пераважна са свінога шчаціння, звязанага ў пучкі і пакрытага з аднаго боку смалой, каб шчацінкі не рассыпаліся. Валакно ж, атрыманае пасля часання (кужаль, альбо кудзеля) скручвалася ў “куклачкі”, “круцелькі”, “скруткі” ці спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.

У старажытнасці пралі на верацяне, і гэта займала велізарную колькасць часу. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, дзякуючы з’яўленню калаўрота, тэхналагічны працэс прадзення значна паскорыўся. Нашы хлопцы і дзяўчаты ўбачылі ў дзеянні два тыпы калаўрота, якія былі прадстаўлены на выставе.

Як даведаліся вучні, на Беларусі была шырока распаўсюджанай традыцыя сумеснага жаночага прадзення – вячоркі – у якім-небудзь адным з вясковых дамоў. Далейшы лёс спрадзенай ніткі – гэта кросны і ўмелыя рукі майстрыхі.

   

Пасля знаёмства з працэсам апрацоўкі лёну і прыладамі працы ўвага навучэнцаў была звернута на наступную экспазіцыю выставы, у якой прадстаўлена вялікая колькасць ільняных вырабаў. Посцілкі, дываны, абрусы, палотны, ручнікі, мужчынская і жаночая вопратка. Гэта ўся незвычайная для сучаснага чалавека прыгажосць калісьці была створана рукамі лідскіх ткачых. А зазірнуўшы ў куфар, які раней служыў людзям замест шафы, дзяўчаты ўбачылі вырабы, якія калісьці іх аднагодкі рыхтавалі сабе ў прыданае.

Падчас правядзення музейна-педагагічнага занятка “Лён – табе пашана і паклон!” вучні не проста пашырылі веды пра жыццё, побыт і культурныя традыцыі нашых продкаў. Яны выкарысталі ўнікальную магчымасць разгледзець прадметы з усіх бакоў, практычна іх асвоіць – здзейснілі сапраўднае падарожжа ў часе.

Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий