- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Дашкаляты дапамагаюць птушкам

 

Для таго каб пашырыць веды дашкольнікаў пра зімуючых птушак, расказаць пра ролю чалавека ў жыцці птушак, у сярэдняй спецыяльнай “А” групе з цяжкімі парушэннямі маўлення ясляў-сада № 10 Навагрудка прайшоў тэматычны тыдзень “Зімуючыя птушкі”.

       

З дзецьмі былі арганізаваны розныя заняткі “Зімуючыя птушкі нашага краю”, “Цяжка птушкам зімаваць, трэба птушкам дапамагаць”, дыдактычныя гульні “Чацвёрты лішні”, “Якая птушка хаваецца за галінкай”, “Чый цень” і рухомыя гульні “Верабейчыкі і аўтамабіль”, “Птушкалоў”. Таксама выхаванцы разглядалі ілюстрацыі, адгадвалі загадкі, чыталі вершы і апавяданні. На практычных занятках малыя ляпілі “Сінічку-невялічку”, канструявалі з паперы снегіроў. А яшчэ дашкольнікам вельмі спадабалася назіраць за птушачкамі, якія прылятаюць на ўчастак.

Так хлопчыкі і дзяўчынкі пашырылі ўяўленні пра птушак, даведаліся пра тое, як яны здабываюць ежу зімой, навучыліся адрозніваць птушак па знешнім выглядзе, знаходзіць прыметы падабенства і адрознення, пашырылі і актывавалі слоўнікавы запас, што вельмі важна для выхаванцаў гэтай групы.

       

Але ж самае галоўнае – у нашых дзетак з’явілася моцнае жаданне дапамагчы птушкам у цяжкі зімовы перыяд. На дапамогу прыйшлі бацькі. Яны прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Дапамога птушкам”, праявіўшы творчасць і фантазію ў вырабе кармушак. Арыгінальныя і практычныя кармушкі былі размешчаны на тэрыторыі дзіцячай установы.

Такія акцыі з’яўляюцца цудоўнай магчымасцю праявіць спачуванне і дабрыню. А прыцягненне бацькоў да сумеснай дзейнасці спрыяе ўмацаванню ўнутрысямейных сувязей, фарміраванню добрых сямейных традыцый, выклікаючы ў дзяцей пачуццё гонару за сябе і сваю сям’ю. Цяпер, у час прагулкі, яны часта кажуць “Гэтую кармушку зрабіў мой тата!” ці “А гэта змайстраваў мой дзядуля!”.

Вольга ЦІШУК,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий