- Без рубрыкі

Вялікая дабрыня маленькіх сэрцаў

 

Па добрай традыцыі напярэдадні навагодніх свят выхаванцы-гурткоўцы ясляў-сада № 2 Свіслачы прынялi актыўны ўдзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыi “Нашы дзецi”.

         

Заняткі ў гуртках “Творчая майстэрня” і “Вясёлая палітра” у снежаньскiя дзянькi ператварылicя ў цудоўную майстэрню па вырабе навагоднiх сувенiраў. Дзецям было прапанавана падтрымаць навагоднюю эстафету і падарыць адчуванне свята, радасць і ўсмешкі дзецям, якiя наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Перш-наперш маленькія майстры даведалiся пра тое, што дзецi цэнтра – гэта асаблівыя дзеці, іх магчымасцi i жыццядзейнасць абмежаваны, i iм патрэбны дапамога, увага, клопат і добразычлівасць. У навагоднія святы яны, як і ўсе дзеткі, чакаюць падарункаў, сюрпрызаў і чараўніцтва.

Гурткоўцы з радасцю i задавальненнем стваралi дзецям з цэнтра навагоднія сюрпрызы сваімі рукамі. Вельмi старанна яны майстравалі зялёныя папяровыя ялінкі з бліскучымі навагоднімі цацкамі і малявалі прыгожыя святочныя паштоўкі з цёплымi вiншаваннямi i найлепшымi пажаданнямi. Напэўна таму дзіцячыя вырабы, увабраўшы ў сябе ўсю пяшчоту маленькіх сэрцаў, атрымаліся асабліва шчырымi.

Бясцэнныя падарункі маленькіх майстроў несумненна перададуць Дзеду Марозу. А ён, у сваю чаргу, – дзецям цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

Варта адзначыць, што найкаштоўнейшым для хлопчыкаў i дзяўчынак дзiцячага садка з’явілася развiцце пачуцця спагады і суперажывання, мiласэрнасцi, якiя выклiкаюць жаданне здзяйсняць добрыя ўчынкі і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

Хай з надыходам самых чароўных свят у годзе ўсе мары дзетак i пажаданнi для iх здзейсняцца!

Наталля БОЙКА,
кіраўнік гурткаВясёлая палітра
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий