- Навагодняя пошта

Новы год па-новаму

 

Бадай, самае лепшае пад Новы год – гэта баль-маскарад. Яшчэ школьніцай прыдумляла для сябе штогод цікавыя касцюмы: Сняжынкі, Бураціна, Бабы Ягі, лісы Алісы, Снягуркі… Самая ганаровая роля – быць на ранішніку ці вечарыне Снягуркай. У адзін год давялося шэсць разоў пераўвасабляцца ва ўнучку Дзеда Мароза!

На жаль, сёння на школьныя навагоднія балі прыходзіць мала дзяцей у касцюмах казачных персанажаў. Засталіся ў мінулым вампіры, мульцяшныя героі… Касцюмы з магазінаў прыгожыя, але ім даволі часта не хапае індывідуальнасці, закладзенай у самаробных уборах. А ўбачыць уласную трактоўку пэўнага вобраза на навагоднім свяце вельмі цікава.

У правядзенне сёлетняга святочнага мерапрыемства ўмяшалася пандэмія. Але яна не перашкодзіла стварыць святочную атмасферу ў нашай школе, па якой прайшлі чуткі, што Дзед Мароз і Снягурка падрыхтавалі ўжо падарункі. Праўда, іх трэба было зарабіць. Каб добрыя героі не праехалі міма школы на чароўнай тройцы коней, патрабавалася ўпрыгожыць вокны і класы. Давялося карпатліва і натхнёна папрацаваць! Акрамя таго, вучні падрыхтавалі падарункі дзецям-інвалідам і выхаванцам сацыяльнага прытулку, чым вельмі парадавалі іх.

Вернісаж навагодніх цацак атрымаўся чароўным і надзвычай крэатыўным. У ход ішлі лямпачкі, CD-дыскі, шышкі, тканіна… Цацкі самі прасіліся з экспазіцыі на ёлку! І неўзабаве апынуліся на ёй!

Вучні з вялікай радасцю ўпрыгожылі навагоднюю ёлачку, якая разам з зялёнымі сяброўкамі расце на тэрыторыі школы. У выніку цуд, створаны ўласнымі рукамі, убачылі ўсе вясковыя жыхары.

Гэты цуд убачылі і Дзед Мароз са Снягуркай, якія завіталі ў госці да хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці сустрэлі іх вершамі, песнямі і інсцэніроўкамі. Ніхто не застаўся без салодкіх падарункаў. Новы год па-новаму атрымаўся!

Наталля ПЯТРЭНКА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Пелішчанскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий