Вучацца быць актыўнымі грамадзянамі

- 16:31БРЕСТЧИНА, Регионы

 

Вельмі цікавым і пазнавальным атрымаўся ў сярэдняй школе № 3 Ганцавічаў адзіны дзень інфармавання ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”.

Для вучняў 5–7-х класаў былі праведзены класныя гадзіны на тэму “Я і малая радзіма”. Асабліва цікава такая класная гадзіна – “Урок пра родны куток” – прайшла ў 6 “Б” класе.

Класны кіраўнік Т.Р.Зажэка прапанавала вучням паразважаць пра ролю малой радзімы ў жыцці чалавека, пра свае карані і любоў да роднай зямлі, асэнсаваць значнасць уласнай дзейнасці для яе росквіту і развіцця, адчуць адказнасць і гонар за гісторыка-культурную і духоўную спадчыну. Школьнікі расказвалі пра гісторыю сваіх сем’яў, абрады і звычаі, што перадаюцца з пакалення ў пакалення. Многія вучні прынеслі рэчы, якім не адзін дзясятак гадоў і якія беражліва захоўваюцца ў сем’ях.

Не абышлі ўвагай і тэму Вялікай Айчыннай вайны. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, як яна паўплывала на Ганцавічы і як выглядаў гэты палескі гарадок шмат гадоў назад.

       

Вучні адправіліся на віртуальную экскурсію па залах краязнаўчага музея, а напярэдадні наведалі Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў, дзе азнаёміліся з творчасцю народных майстроў, паўдзельнічалі ў майстар-класах. Дзеці даведаліся шмат новага пра ткацтва, ганчарства, вышыўку і роспіс, пра традыцыі раёна. У якасці падарунка атрымалі ляльку ў нацыянальным адзенні пачатку 1920-х гадоў.

Дзеці наведалі таксама школьны этнаграфічны куток, дзе азнаёміліся з прадметамі побыту продкаў.   

Не забыліся і пра сучасныя Ганцавічы. Пагаварылі пра тое, чым яны вядомыя за межамі раёна. Так, дзеці падзяліліся на групы і прыдумлялі рэкламу прадукцыі, якая праславіла рэгіён: журавіны з Ганцавіцкай навукова-эксперыментальнай базы “Журавінка” Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі і кукурузныя палачкі “Забава” мясцовага хлебазавода.

Вельмі цікава прайшла класная гадзіна ў 9 “Б” класе з удзелам дырэктара Ганцавіцкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы А.В.Хваль, якая расказала пра бібліятэкі раёна і іх магчымасці. А праведзеная віктарына паказала, што вучні добра ведаюць гісторыю Ганцавіччыны.

З актывістамі піянерскага руху, членамі БРСМ і маладзёжнага парламента пры Ганцавіцкім раённым Савеце дэпутатаў, валанцёрамі сустрэлася старшыня Цэнтральнага савета БРПА Аляксандра Ганчарова са сваімі памочніцамі Юліяй Шынкарэнка і Аляксандрай Дамзен. Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Госці і школьнікі абмяркоўвалі напоўненую яркімі і цікавымі падзеямі дзейнасць БРПА, гаварылі пра шматлікія праекты, якія рэалізуюцца членамі арганізацыі.

Праведзеныя мерапрыемствы пакінулі незабыўныя ўражанні ў вучняў і педагогаў.  

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 3 Ганцавічаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий