- Навагодняя пошта

Акцыя “Нашы дзеці” прайшла ў Бялынічах

 

Рэспубліканская акцыя “Нашы дзеці” працягвае крочыць па Магілёўшчыне. Святочныя мерапрыемствы адбыліся і ў Бялынічах. Іх наведаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.

Андрэй Міхайлавіч завітаў на свята да адоранай моладзі раёна. У мясцовым доме культуры сабраліся звыш 160 таленавітых хлопцаў і дзяўчат. Яны ўжо маюць пэўныя значныя дасягненні ў вучобе, творчасці, спорце. За свае поспехі дзеці пачулі шмат віншаванняў і цёплых слоў, атрымалі выдатныя салодкія падарункі. Пасля ўсіх прысутных чакала насычаная творчая праграма з удзелам казачных персанажаў, Дзеда Мароза і Снягуркі.

Яшчэ адно свята ў рамках акцыі “Нашы дзеці” адбылося ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце. Зараз у гэтай навучальнай установе выхоўваюцца 85 хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з усіх куткоў вобласці. З іх 56 – дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. У навучальнай установе створаны ўсе неабходныя ўмовы для паўнавартаснай самарэалізацыі кожнага з рабят. У школе-інтэрнаце маюцца сучасныя вучэбныя кабінеты, асобны спальны корпус, медыцынскі блок, зала лячэбнай фізкультуры, спартыўная і актавая залы, добра абсталяваны камп’ютэрны клас, кабінет псіхалагічнай разгрузкі. Педагагічны калектыў робіць упор на працоўнае выхаванне навучэнцаў. Выхаванцы далучаюцца да сельскагаспадарчай працы на школьным прысядзібным участку, пчальніку. Пільную ўвагу педагогі ўстановы надаюць таксама сацыялізацыі выхаванцаў. Тут ёсць кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, блок постінтэрнатнага суправаджэння, дзе дзеці вучацца самастойнасці, набываюць бытавыя і іншыя навыкі, неабходныя ім для жыцця ў сучасным грамадстве.

 

Ранішнік у школе-інтэрнаце таксама прайшоў у па-сапраўднаму казачнай атмасферы. Педагогі падрыхтавалі для дзяцей стылізаваную навагоднюю пастаноўку. Удзел ва ўрачыстасці прынялі і самі выхаванцы. Яны чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі, вадзілі карагоды вакол прыбранай ёлкі.

– Ужо не першы год напярэдадні навагодніх свят па ўсёй краіне праходзіць традыцыйная акцыя “Нашы дзеці”. Гэта ўнікальны праект, своеасаблівы марафон дабра, які нагадвае нам пра простыя чалавечыя каштоўнасці. Такія, як любоў, клопат, добрасардэчнасць, увага. Сёння ўсё гэта вельмі важна. Новы год трэба пачынаць з добрых спраў. Акцыя “Нашы дзеці” дазваляе нам гэта зрабіць, падарыць кожнаму дзіцяці радасць навагодніх свят. Сёлета акцыя ахопіць каля 700 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, – адзначыў Андрэй Кунцэвіч.

У якасці навагодняга падарунка Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнату Андрэй Міхайлавіч уручыў калекцыю кніжных навінак, якія за апошні час надрукавалі беларускія выдавецтвы. Патрэбныя і карысныя падарункі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы калектыў установы атрымаў і ад іншых ганаровых гасцей. Акрамя таго, кожнаму навучэнцу дасталіся салодкія пачастункі.

Значны падарунак намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта перадаў і Бялыніцкаму цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Навучальная ўстанова атрымала грашовы сертыфікат на суму ў 10 тысяч рублёў.

Дарэчы, віншуючы бялыніцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячымі святамі, Андрэй Кунцэвіч адзначыў уклад у іх дасягненні настаўнікаў, шчыра дзякаваў педагогам за іх плённую працу. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара

На здымках: навагодняе свята
ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий