- Выхаваўчая работа, Метадычка

Пошукавая дзейнасць як аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання

 

Таццяна ГІРЫНОВІЧ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства,
кіраўнік клуба “Спадчына”
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

“Забываючы свае карані, – пісаў Чынгіз Айтматаў, – чалавек аказваецца па-за гістарычнай перспектывай і здольны жыць толькі сённяшнім днём”. Якім вырасце маленькі чалавечак, што ён дасць грамадству, залежыць у першую чаргу ад нас, педагогаў. Таму вельмі важна стварыць умовы для таго, каб выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, лёс якой быў бы цесна звязаны з лёсам народа, краіны, з тым месцам, дзе нарадзіўся і вырас. Бо толькі той чалавек, які засвоіў культурныя каштоўнасці свайго народа, зможа актыўна ўплываць на жыццёвыя абставіны і аналізаваць стваральную дзейнасць людзей.

 

Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму становіцца адным з галоўных кірункаў сучаснай сістэмы адукацыі, падмуркам для фарміравання ідэалагічнага фундаменту грамадства. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў можа быць эфектыўным толькі пры ўмове апоры на асабісты вопыт дзяцей, што прадугледжвае зварот да сацыяльнай рэчаіснасці, яе супярэчнасцей і тэндэнцый развіцця. Агульнавядома, што маральны патэнцыял асобы фарміруецца праз уключэнне яе ў розныя віды дзейнасці.

 

Адным з эфектыўных сродкаў фарміравання грамадзянска-патрыятычнай свядомасці і інтэнсіўнага ўключэння навучэнцаў у грамадскае жыццё з’ўляецца пошукавая дзейнасць. Праз вывучэнне мінулага роднага краю адбываецца назапашванне ведаў, якія паступова складваюцца ў сістэму і, як вынік гэтага, узнікаюць патрыятычныя пачуцці і перакананні, любоў да радзімы. Пошукавая работа з’ўляецца тым элементам, які ўзбагачае навучэнцаў ведамі пра родны край, дапамагае ўсвядоміць непарыўную еднасць з гісторыяй, адчуць дачыненне да яе кожнай сям’і.

 

У аснову пошукавай работы, якая вядзецца ў Пятрэвіцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Навагрудскага раёна, пакладзены глыбокі інтарэс да мінулага вёсак Пятрэвіцкага сельскага Савета, да падзей, якія адбываліся ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Дзеля гэтага ва ўстанове створаны і паспяхова дзейнічае клуб “Спадчына”, мэтай дзейнасці якога з’яўляецца фарміраванне ў вучняў грамадзянска-патрыятычных пачуццяў і адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю.

Задачы клуба:

– праводзіць пошукавую дзейнасць з мэтай вывучэння гісторыі роднага краю;

– выхоўваць павагу да гістарычнага мінулага роднага краю, пачуццё гонару за знакамітых землякоў;

– ствараць умовы для развіцця духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў.

Асноўныя прынцыпы дзейнасці клуба:

– назапашванне практычнага вопыту;

– сувязь з жыццём і рэаліямі сучаснасці;

– сумесная дзейнасць усіх удзельнікаў, іх эфектыўнае ўзаемадзеянне;

– адаптыўнасць матэрыялу і яго выкарыстанне ў дзейнасці ўстановы адукацыі.

Тры асноўныякірункіпошукавай дзейнасці:

– культурна-асветніцкі (прадугледжвае знаёмства вучняў і іх бацькоў з гісторыяй развіцця Беларусі);

– пошукава-даследчая работа (работа па вывучэнні роднага краю, яго гісторыі,эканомікі, прыроды, культуры);

– творчы(падрыхтоўка народных свят і абрадаў, літаратурна-музычных кампазіцый і конкурсаў).

Віды дзейнасці:

– збор звестак пра малую радзіму, гістарычныя і культурныя асаблівасці краю;

– збор матэрыялаў пра жыццёвы і працоўны шлях славутых землякоў-сучаснікаў (настаўнікаў-ветэранаў, народных умельцаў);

– работа з пісьмовымі крыніцамі, тэкстамі ўспамінаў, фотаздымкамі, матэрыяламі, размешчанымі ў сродках масавай інфармацыі і г.д.;

– збор дакументаў і матэрыялаў, якія сведчаць пра існаванне сувязі са славутымі землякамі.

   

Выпускнікі 2020/2021 навучальнага года, вучні 11-га класа, з’яўляюцца членамі клуба “Спадчына” ужо шосты год. За гэты час яны паглыбілі свае веды пра гісторыю роднага краю, пра падзеі розных часоў, даведаліся пра землякоў, якія пакінулі свой след у летапісе малой радзімы. Пошукавая дзейнасць садзейнічала фарміраванню грамадзянска-патрыятычнай свядомасці, патрыятычных пачуццяў і перакананняў, любові да малой радзімы.

У рамках рэалізацыі праекта “Мая малая радзіма” (2016–2020 гг.) за час дзейнасці клуба была праведзена вялікая пошукавая работа, даследаваны і сабраны матэрыялы па тэмах“Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі малой радзімы”, “Гісторыя забытых вёсак”, “Славутыя землякі”.

Вынікам пошукавай дзейнасці з’явіліся даследчыя работы навучэнцаў, многія з якіх былі адзначаны на інтэлектуальных конкурсах розных узроўняў.Так, работа “Партызаны-землякі атрада “Кастрычніцкі” атрымала дыплом ІІ ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, а даследванне “Мястэчкі Навагрудскага павета XIX–XX стагоддзяў” – дыплом ІІІ ступені. Даследчая работа “Вёска Пудзіна Навагрудскага раёна – сястра Хатыні” адзначана дыпломамIII ступені раённага конкурсу даследчых работ “Юнацтва. Навука. Культура.” і дыпломамIII ступені XI Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”.

Цікавымі атрымаліся таксама даследванні “Прызванне. Творчасць. Майстэрства.(Мае землякі – мой гонар– БузюкЗ.А., Кавалеўскі І.Б.)”, “У памяці народнай будуць жыць. Вёска Сафееўка Пятрэвіцкага сельскага Савета”, “Маўклівыя сведкі сівой даўніны:пятрэвіцкія валуны”.

За перыяд дзейнасці клуба яго члены навучыліся працаваць з архіўнымі дакументамі, з перыядычнымі выданнямі. Матэрыялы пошукавай дзейнасці выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і пры правядзенні пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў.

Як паказвае вопыт работы, клуб “Спадчына” мае неабмежаваны патэнцыял выхаваўчага ўздзеяння на розум і душы дзяцей і падлеткаў. Удзел у пошукавай дзейнасці на працягу некалькіх гадоў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, знаёмства з гістарычнымі фактамі дапамаглі сённяшнім адзінаццацікласнікам глыбей пазнаёміцца з гісторыяй роднага краю. Гэта садзейнічала пашырэнню іх кругагляду, фарміраванню пазнавальных патрэбнасцей, выхаванню павагі да памяці мінулых пакаленняў, беражлівых адносін да гістарычнай і культурнай спадчыны, без чаго нельга выхаваць патрыятызм і любоў да малой радзімы,да сваёй Айчыны.

Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий