- ГОМЕЛЬШЧЫНА, Рэгiёны

Майстар-клас па выкарыстанні дыдактычнага дапаможніка “Слагавічок”

 

У дзіцячым садзе № 3 Кармы прайшоў майстар-клас для выхавальнікаў па фарміраванні складовай структуры слова ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Выхавальнікі дашкольнай установы мелі магчымасць на практыцы адпрацаваць прыёмы па фарміраванні складовай структуры слова, выкарыстоўваючы дыдактычны дапаможнік “Слагавічок”.

Майстар-клас прайшоў у гульнявой форме, якая з’яўляецца вядучым відам дзейнасці для дзяцей. Напачатку педагогі пазнаёміліся з аўтарскім дапаможнікам “Слагавічок”.

Дарэчы, ён змяшчае гульні па нарастальнай ступені складанасці слоў: аднаскладовыя словы, двухскладовыя словы з адкрытых складоў, трохскладовыя словы з адкрытых складоў, двухскладовыя словы з закрытым складам, са збегам зычных у сярэдзіне слова і г.д. Гэта “Мама, тата, дай …”, “Львёнак і сонейка”, “У тэлевізары”, “Лунцік глядзіць на месяц”, “Круцёлкі”, “Віні-пух на рыбалцы” і інш. Выхавальнікі даведаліся, што кожная гульня мае пэўны сюжэт, які дапамагае павысіць цікавасць і пазнавальную актыўнасць дзяцей пры выкананні заданняў гульні.

У практычнай частцы майстар-класа педагогі на некаторы час адчулі сябе дзецьмі і пагулялі разам. Яны з вялікай цікавасцю адгукнуліся на прапанову пагуляць, выкарыстоўваючы каменьчыкі марблс, ліхтарык, лупу, цацкі з кіндэр-сюрпрызу, нейракартачкі са зменай пазіцыі рук.

У завяршэнні майстар-класа педагогі атрымалі адказы на ўсе пытанні, якія ўзніклі падчас сумеснай работы. Цяпер яны ведаюць, як можна выкарыстоўваць у працы выхавальніка цікавы дыдактычны дапаможнік “Слагавічок”.

Наталля ЛУК’ЯНЕНКА,
настаўнік-дэфектолаг
дзіцячага сада № 3 Кармы

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий