- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Вывучаем замежную мову змалку

 

Для знаёмства вучняў 2-га класа з нямецкай мовайў гімназіі № 2 Пінска прайшло цікавае пазакласнае мерапрыемства з удзелам старшакласнікаў.

З 2011 года гімназія мае афіцыйны статус школы міжнароднага партнёрства, які дазваляе вучням прайсці моўную падрыхтоўку і здаць экзамен на атрыманне нямецкага моўнага дыплома. Вядома, поспехі дзяцей – гэта найперш заслуга настаўнікаў, якія заўсёды знаходзяцца ў пошуку новых форм работы, сучасных адукацыйных тэхналогій, метадаў і прыёмаў.

Іншамоўныя зносіны – адна з ключавых кампетэнцый, неабходная кожнаму чалавеку для самарэалізацыі і развіцця ў свеце, які імкліва змяняецца. Работу па фарміраванні цікавасці да вывучэння нямецкай мовы настаўнікі пачынаюць ужо з 2-га класа. Так, у рамках прадметнага тыдня настаўнік нямецкай мовы Ірына Балюк правяла для другакласнікаў пазакласнае мерапрыемства “Падрыхтоўка да Каляд”. Яно прайшло надзвычай дынамічна і ўключала навучальныя нямецкамоўныя гульні “Давайце пазнаёмімся” і “Холадна – горача”.

Адзінаццацікласнікі расказалі малодшым школьнікам пра святкаванне Каляд ў Германіі па-руску і па-нямецку, суправаджаючы аповед мультымедыйнай прэзентацыяй і відэаролікамі. На практычнай частцы мерапрыемства вучні выраблялі калядныя каўпачкі, удзельнічалі ў гульнях і конкурсах. Усё гэта выклікала ў дзяцей захапленне і цікавасць.

Таццяна ЛІПАЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі № 2 Пінска

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий