- Метадычка, Пачатковая школа. Сцэнарыi

Чалавек і свет, 2 класс. Тэма: “Птушкі”

 

Яўгенія МАРЦІНОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Зімовіцкі дзіцячы сад– базавая школа
Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

 

Тэма: Птушкі

Мэта: фарміраванне ў вучняў уяўленняў пра разнастайнасць птушак, адметныя прыкметы гэтых прадстаўнікоў фаўны, пра важнасць пер’евага покрыва ў жыцці птушак.

Задачы:

– садзейнічаць фарміраванню дзейнаснай здольнасці вызначаць адметныя асаблівасці птушак і распазнаваць іх па гэтых прыкметах, апісваць птушак па прапанаваным плане, навучаць практычнаму даследаванню аб’ектаў прыроды;

– садзейнічаць усведамленню навучэнцамі значэння птушак у прыродзе і для чалавека, як упрыгожвання прыроды, ахоўнікаў раслін ад насякомых-шкоднікаў, распаўсюджвальнікаў насення раслін;

– стварыць умовы для актуалізацыі ў другакласнікаў патрэбнасці ў аказанні пасільнай дапамогі птушкам, беражлівым стаўленні да іх і прыроды ў цэлым.

Чакаемы вынік:

Чакаецца, што да канца ўрока вучні будуць:
       – ведаць, хто такія птушкі і іх адметныя прыметы;
       – умець вылучаць птушак з іншых груп жывёльнага свету.

 

Абсталяванне: падручнік “Чалавек і свет” (2 клас), набор пер’яў, нажніцы, вада, запіс песень “Хто такія птушачкі” і “Спеў птушак”, карткі для практычнай работы, тэставыя заданні, выявы птушак, Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь, выстава кніг.

 

Ход урока

 

I Арганізацыйны этап

 Настаўнік:

Добрай раніцы, паважаныя сябры!
Добрай раніцы ўсім гасцям!
Добрай раніцы сонцу!
Добрай раніцы птушкам!
Званочкам звонкім урок павітаўся.
Сядзем за парты (садзяцца)
Настрой наш узняўся?

А як вы думаеце, чаму я павіталася з птушкамі? Правільна, наш урок будзе прысвечаны нашым верным сябрам-птушкам. (Слайд 1)

 

II Этап актуалізацыі ведаў

1 Праверка дамашняга задання

Гульня “Праўда ці не” (Слайд 2)

Правілы: настаўнік задае пытанні, вучні адказваюць “Так” ці “Не”

– Паўзуноў інакш называюць рэптыліі? (Так)
– Іх можна сустрэць зімой? (Не)
– Чарапаха балотная – гэта паўзун? (Так)
– Рэптыліі – карысныя жывёлы? (Так)
– Паўзуны ўсеядныя? (Не)
– Размнажаюцца толькі на сушы? (Так)
– Дыхаюць пры дапамозе скуры і лёгкіх? (Не)
– Цела ў паўзуноў пакрыта скурай сухой з лускавінамі? (Так)

Гульня “Пазнай”

Правілы: настаўнік закрывае частку жывёлы, дзеці павінны здагадацца, якая гэта жывёла.

 

2 Увядзенне ў тэму

Настаўнік: Звярніце ўвагу на экран. Каго вы там бачыце? (Слайд 3)

Вучні: Голуба.

Настаўнік: З якіх асноўных частак складаецца цела птушкі?

Настаўнік называе і паказвае разам з дзецьмі часткі цела голуба.

Настаўнік: Колькі ног у птушак? Іх пярэднія ногі вельмі даўно ператварыліся ў крылы.

 

III Паведамленне тэмы ўрока, пастаноўка задач

Настаўнік: Тэму нашага ўрока мы ўжо ведаем. А вось якія мэты мы павінны паставіць у пачатку ўрока?

Вучні (з дапамогай настаўніка): Чым птушкі адрозніваюцца ад другіх жывёл. Чым харчуююцца і дзе жывуць. Ці прыносяць птушкі карысць?

Настаўнік: Правільна, сення мы будзем назіраць, праводзіць доследы, вызначаць адметныя асаблівасці птушак, разважаць пра ролю птушак у прыродзе, рабіць вывады. На працягу ўрока вы даведаецеся шмат новага і цікавага пра птушак.

А хто такія птушкі, мы з вамі даведаемся з песні.

 

Гучыць песня «Хто такія птушачкі». (Музычны запіс, cлайд 5)

Праца па змесце песні (выяўленне асаблівасцей птушак).

1 слупок песні (птушкі тыя, якія лятаюць).

 

Настаўнік: Каго лічаць птушкамі? Што ўмеюць рабіць птушкі?

Вучні: Птушкі ўмеюць лятаць.

Настаўнік: А хто яшчэ ўмее лятаць?

Вучні: Матылі, стракозы, жукі.

Настаўнік: У нашым уяўленні птушкі заўсёды звязаны з палётам, а страусы і пінгвіны не могуць лятаць.

Настаўнік: Вывад: уменне лятаць не галоўная асаблівасць птушак. Значыць, мы не знайшлі адказ.

2 слупок песні (птушкі тыя, якія спяваюць).

 

Настаўнік: Ці згодны вы, што птушкі спяваюць?

Вучні: Так.

Настаўнік: Але “спяваюць” і дэльфіны, і касаткі.

Вывад: птушыныя галасы таксама не галоўная асаблівасць.

3 слупок песні (птушкі ўюць гнёзды).

 

Настаўнік: Ці ўсе птушкі ўюць гнёзды? Але ёсць і такія птушкі, якія кладуць яйкі на камяні, на пясок

4 слупок песні (птушкі нясуць яйкі)

 

Настаўнік: Вы згодны, што птушкі нясуць яйкі? Але яйкі адкладваюць яшчэ кракадзілы, чарапахі, змеі. Дзеці, няўжо яны птушкі?

Вывад: кладка яек таксама не галоўная асаблівасць.

 

Пастаноўка праблемы

Настаўнік: Сёння на ўроку мы з вамі павінны будзем даведацца, якая ж адметная асаблівасць птушак.

 

IV Вывучэнне новага матэрыялу

1 Даследчая дзейнасць

Настаўнік: Хто такія даследчыкі?

Вучні: Людзі, якія шукаюць адказы на цяжкія пытанні, на нешта невядомае.

Настаўнік: Мы будзем даследчыкамі, якія вывучаюць птушак. Можа хто з вас ведае, як іх завуць? А называюцца яны арнітолагі. (Слайд 6)

Настаўнік: Усё цела птушкі пакрыта пер’ем. Яно рознае па колеры, па форме, па памерах. Давайце разгледзім пяро.

Вучні: Бяруць з канвертаў пёркі і разглядаюць. (Слайд 7)

Настаўнік: Пер’е складаецца са стрыжня, бародак і ачына. (Слайд 8)

 

Праца з пер’ем

Настаўнік: Знайдзіце ў сябе на сталах самыя маленькія пёркі. Яны называюцца пуховыя. Патрымайце пяро каля шчакі. Што адчулі?

Вучні: Шчацэ стала цёпла.

Настаўнік: Яны дапамагаюць утрымліваць цёплае паветра вакол цела.

Знайдзіце ў сябе на сталах пёры трохі большыя. Гэтыя пер’і пакрываюць усё цела птушкі і называюцца покрыўныя.

Буйныя пер’і ў крылах птушак называюцца махавымі.

Як вы думаеце, чаму?

Вучні: Яны дапамагаюць птушцы ляцець.

Настаўнік: А пер’і ў хвасце птушак называюцца рулявымі. Як вы думаеце, чаму? (Слайд 9)

Вучні: Дапамагаюць птушкам рабіць павароты ў паветры.

 

2 Практычная работа ў групах па вывучэнні птушынага пер’я (Слайд 10)

1 група – вызначыць, ці лятае пяро птушкі, чаму.

Адказ даследчыка: Дунулі на пяро – яно паляцела. Значыць, яно лятае, яно лёгкае.

Адрэзалі кончык пяра і ўбачылі, што яно полае. Унутры яго знаходзіцца паветра.

Вывад: пяро ўнутры полае, падобнае на трубачку, там паветра, таму яно так лёгка лятае.

2 група – вызначыць, ці намакае птушынае пер’е.

Адказ даследчыка: калі капнулі на курынае пяро, яно намокла. А калі капнулі кропельку вады на гусінае – яно засталося сухім.

Вывад: курыная пярынка намокла, а з гусінай пярынкі кропелька скацілася.

 

Настаўнік: Значыць, зробім з вамі вывады: пер’е дапамагае птушкам лятаць, гэта адзенне, упрыгожвае, захоўвае ад спёкі, холаду, дажджу. (Слайд11)

 

– Такім чынам, якая адметная асаблівасць птушак? (цела пакрыта пер’ем)

 

3 Гутарка “Зімуючыя і пералётныя”

Настаўнік: Якіх птушак мы называем пералётнымі, а якіх зімуючыя?

Вучні: Пералётныя – птушкі, якія ляцяць у вырай. Зімуючыя – тыя, якія застаюцца зімаваць там, дзе з’явіліся на свет.

(Слайд 12)

Настаўнік: Але часам птушачкам прыходзіцца вельмі цяжка, асабліва зімой. Калі пасля адлігі наступаюць халады, дрэвы, кустарнікі і трава пакрываюцца снегам. Нават самым спрытным птушачкам цяжка знайсці ў гэты час корм. Таму многія птушкі, так і не дачакаўшыся вясны, паміраюць. Калі людзі не будуць думаць пра нашых сяброў, пра тое, каб яны мелі магчымасць харчавацца і гнездаваць, то ў недалёкай будучыні знікнуць многія віды птушак. А гэтага дапусціць нельга. (Слайд13)

 

4 Фізкультхвілінка

Пад музычны запіс спеваў прушак правядзем гульню “Зімуючыя і пералётныя”

Правілы: калі настаўнік называе пералётную птушку – узмах рукамі, зімуючую – прысядаем; настаўніка могуць замяніць вучні.

Грак (пералётная птушка)
шпак (пералётная птушка)
курапатка (зімуючая птушка)
сініца (зімуючая птушка)
верабей (зімуючая птушка)
варона (зімуючая птушка)
ластаўка (пералётная птушка)    
крыжадзюб (зімуючая птушка)
жаўрук (пералётная птушка)
журавель (пералётная  птушка)
бусел (пералётная птушка)
голуб (зімуючая птушка)
сарока (зімуючая птушка)
дзяцел (зімуючая птушка)
салавей (пералётная птушка)
зязюля (пералётная птушка)
журавель (пералётная птушка)

 

5 Работа ў групах. Апісанне снегіра і вераб’я па плане (Слайд 14)

Настаўнік: Зараз вам неабходна апісаць птушку (1 група – снегіра, 2 група – вераб’я) па плане.

 

6 Практычная работа

Апішыце птушку з дапамогай малюнка і сваіх назіранняў у прыродзе па плане:

– велічыня (у параўнанні з вераб’ём);
– апярэнне: афарбоўка галавы, спіны, брушка, крылаў, хваста;
– крылы: велічыня, (доўгія, кароткія), форма (завостраныя, закругленыя, вузкія, шырокія);
– хвост (кароткі, доўгі);
– дзюба: велічыня, форма (тонкая, шырокая, кручкаватая, сплясканая з бакоў);
– канечнасці: велічыня, афарбоўка, асаблівасці пальцаў (вострыя, тоўстыя, доўгія).

Дзе сустракаецца гэтая птушка? Чым корміцца? Як прыстасавана да здабычы ежы?

Затым выбраць дакладчыка, які павінен будзе падрыхтаваць даклад разам з дапамогай іншых удзельнікаў пра праведзеную работу і прадставіць вынікі работы.

Прадстаўленне вынікаў практычнай работы.

 

7 Праца з падручнікам (стар. 92–93)

 

Дзеці самі зачытваюць цікавыя звесткі пра птушак і спосабы іх харчавання.

 

       Жаўтагаловы каралёк              Калібры-пчолка                  Афрыканскі страус

                        Імператарскі пінгвін                   Чорны стрыж

 

8 Значэнне і ахова птушак з асабістага вопыту (Слайд 16)

Настаўнік: На жаль, многія птушкі па віне чалавека сталі рэдкімі. Яны занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (паказаць).(Слайды 17,18) (Выстава кніг – энцыклапедый)

Ёсць нават птушка, якая зусім знікла, г.зн., занесена ў чорны спіс. Гэта драфа. Апошні раз яе сустракалі ў 1930 гг. у ваколіцах г. Пружаны Брэсцкай вобласці.

 

V Замацаванне ведаў

Марафон пытанняў”

1 Чаму снегіру далі снежнае імя? (Снегіры прылятаюць да нас з першым снегам, а вясной ляцяць на поўнач).

2 Якая птушка вясной прылятае першай? (Гракам дастаткова першай праталіны, каб дастаць дзюбай корм – лічынкі).

3 Чаму крыжадзюб зімой гняздо ўе? (Узімку шмат яловага насення для птушанят, а ўвесну няма).

4 Як у народзе называюць дзятлаў? (Лекары).

5 У якой птушкі самая вялікая сям’я? (У шэрай курапаткі 26–28 птушанят).

6 Якая птушка лятае ў “акулярах” на носе? (Сава).

7 Чаму зязюля– дрэнная маці? (Бо яна падкідвае свае яйкі ў чужыя гнёзды з такой жа афарбоўкай).

8 Якая дрэнная звычка ёсць у сарокі? (Яна крадзе бліскучыя рэчы).

9 Якая птушка вельмі любіць тлустае мяса і несалёнае сала? (Сініца).

 

“Пазнай птушку па апісанні”.

Вучань: Вельмі карысная птушка. Корміцца насякомымі-шкоднікамі лесу і іх лічынкамі. За лета паядае да 270 тысяч вялікіх гусеніц і майскіх жукоў. Яна падкідае свае яйкі ў гнёзды іншых птушак. (Зязюля)

Вучань: Па колеры бура-чорны. Дзюба і ногі чырвоныя, доўгія. трымаецца ў адзіночку або парамі. Харчуецца жабамі. Занесены ў Чырвоную Кнігу РБ. (Чорны бусел)

Вучань: Птушка шэрая, галава чорная, ногі чорныя. Гучна курлыкае. Ляцяць чародамі або клінамі. Занесены ў Чырвоную Кнігу. (Журавы)

 

“Загадкі пра птушак”

Не на дрэве, не ў кустах пасяліўся шэры птах –
Ён жыве ў полі, дзе прастору болей.
К сонцу падымаецца, песняй заліваецца.
(Жаваранак)

Хапаткія ў мяне крылы, хвосцік востры, нібы вілы,
З гліны я гняздо ляплю, мошак на ляту лаўлю.
(Ластаўка)

У чырвоных ботах ходзіць па балотах.
(Бусел)

Хто без нот і без свірэлі лепш за ўсіх выводзіць трэлі
І пяе за ўсіх мілей? А хто ж гэта?
(Салавей)

 

VI Этап праверкі ведаў

Настаўнік: А зараз давайце замацуем і прыменім на практыцы атрыманыя сёння на ўроку веды. Для гэтага вам патрэбна самастойна адказаць на пытанні тэста, потым праверыць у суседа, а затым праверым разам.

 

Тэст

1 Па якіх прыкметах можна адрозніць птушак ад іншых жывёл? –

______________________________________________________________

2 Значэнне птушак у прыродзе і для чалавека? –

______________________________________________________________

3 Якія бываюць птушкі па спосабе харчавання?

______________________________________________________________

 

VI Вынік урока

Настаўнік: Давайце падвядзем вынік нашага ўрока.

         – З якой новай групай жывёл мы сёння пазнаёміліся? (Адказы вучняў)

         – Якія адметныя асаблівасці маюць птушкі? (Адказы вучняў)

         – Як трэба клапаціцца пра птушак? (Адказы вучняў)

 

VII Дамашняе заданне:

1) прачытаць артыкулы на с.93–94, с.96–98 і адказаць на пытанні;

2) творчае заданне:

– падрыхтаваць цікавую дадатковую інфармацыю па тэме “Птушкі”. Скласці апавяданне-загадку пра адну з птушак.

 

VIII Рэфлексія

Працягні сказ.

Я даведаўся….
Я задумаўся….
Я здзівіўся…

 

Я.В.Марціновіч. Чалавек і свет, 2 класс. Тэма “Птушкі” PDF

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий