- Аўтарскія праекты, Ганна Сінькевіч. Замалёўкі з жыцця

Непастаянны лёс

 

Зіма канчаткова замацавала сваё снежнае панаванне, вакол валадарыў марозны студзень. Час свят прайшоў, наступілі шэрыя працоўныя будні. Але для Максіма рабочыя дні зусім не былі сумнымі, ён, наадварот, марыў, каб выхадныя хутчэй скончыліся і зноў наступіў панядзелак.

Такое імкненне да працы ў яго выявілася з тых часоў, як у іх фірме з’явіўся новы бухгалтар. З таго дня Максім проста не знаходзіў сабе месца. Да Алесі хлопца як магнітам цягнула. Яго зачароўвалі яе васільковыя вочы і доўгія валасы колеру саспелага жыта.

Пра тое, што Максім ужо месяц, як пакутуе ад любоўнай хваробы, ведаў толькі яго лепшы сябар – Сашка. Ён, як мог, стараўся дапамагчы Максіму, але што б яны ні распачыналі – усё было дарэмным.

– Чаму ўсе мае знакі ўвагі пралятаюць міма? Няўжо я ёй зусім не падабаюся? – дзяліўся Максім сваімі думкамі з сябрам, назіраючы за Алесяй. – У яе ж зараз няма хлопца, ды і дзяўчаты з бухгалтэрыі кажуць, што ні ў каго яна не закаханая.

За апошні час, каб заваяваць Алесю, Максім перабраў усе даступныя метады: тэлефанаваў і прапаноўваў пайсці пагуляць, запрашаў у кіно, дарыў кветкі, вадзіў у кафэ, спрабаваў рамантычна паказаць, што яна яму вельмі падабаецца і ён жадае быць побач. На жаль, усе яго спробы канчаліся правалам. Алеся быццам і прымала яго заляцанні, але паміж імі ўсё роўна заўсёды была нейкая дыстанцыя. Сябар, прыяцель, суразмоўца, але не больш. Аднойчы, гуляючы з Алесяй па горадзе, Максім набраўся смеласці і адкрыў ёй сваё сэрца. Ён з запалам пачаў казаць пра пачуцці, што пажарам палыхаюць у яго душы, але дзяўчына раптам перапыніла яго прызнанні.

– Максім, ты вельмі добры хлопец і падабаешся мне таксама, але я буду належаць толькі аднаму чалавеку. Таму, хто мне прызначаны лёсам.

– І хто ж ён? – ледзь змог выціснуць з сябе засмучаны Максім.

– Я яшчэ не ведаю, усё будзе залежаць ад таго, наколькі гэты чалавек верыць у лёс, – няпэўна адказала Алеся і змяніла тэму гутаркі.

Максім пасля той размовы быў у разгубленасці. Так бы, напэўна, усё і скончылася нічым, калі б ён выпадкова не даведаўся, хто ж ён, таямнічыАлесін наканаваны лёсам…

Яны, як звычайна, пілі каву ў бакоўцы. Праз некаторы час да іх далучылася эканаміст Наташка. За сяброўскай гутаркай Максім узяў ды паскардзіўся ёй, што ніяк каханую сваю не заваюе.

– Ой, Макс, гэта ты ўсё па Алесьцы пакутуеш? Дык яна ж наваражыла сабе нарачонага і верыць ва ўсё гэта ўсур’ёз!

– Як нагадала? Ты пра што гэта? – зацікавіўся Максім.

– Ну, на Каляды… Ведаеш, паваражыць дзяўчаты любяць? – спытала Наташка і, пасля сцвярджальнага кіўку галавой абодвух сяброў, працягнула: – Дык вось. Сабраліся яны з сяброўкамі, дзявочнік зладзілі. Развесяліліся і вырашылі паваражыць на лёс. Алеська сур’ёзна лічыць, што праўда гэта ўсё чыстая. А потым і зусім вырашыла, што гэты суджаны яе, ніхто іншы, як Руслан Ерамееў – юрыст наш.

– Не можа быць! Яна марыць пра гэтага грубага, хамавітага ды самазадаволенага разгільдзяя Ерамеева?! – ад гэтых думак унутры ў Максіма ўсё пахаладзела.

Але на дапамогу няшчаснаму Максіму прыйшоў Сашка. У галаве лепшага сябра ўзнік мудрагелісты план заваявання непрыступнай Алесі. Два дні сябры рыхтавалі дэталі запланаванай “аперацыі”. Да гэтай справы папрасілі далучыцца і Наташу. І вось Максіму засталося ўсяго толькі апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы.

…Алеся не асабліва супраціўлялася прапанове Наташы схадзіць да варажбіткі і ўжо ўяўляла, як яна пацвердзіць яе лёс. Пасля таго каляднага вечара Алеся не звяртала ўвагі на хлопцаў, а толькі думала, хто ж ён, той адзіны, яе нарачоны? Нечакана для сябе яна падумала пра Ерамеева.

– Ён адзін з яе знаёмых падыходзіў пад апісанне, якое паказала варажба. Няўжо гэта ён, яе лёс? А можа ён зусім і не такі, якім усе яго апісваюць? Трэба разабрацца ў гэтым! Даць яму шанец, у рэшце рэшт! Але як даць шанец таму, хто яго не просіць?

Расхваленая Наташай варажбітка жыла амаль у самым прыгарадзе.

– Варажбітка, несумненна, сапраўдная, – падумала Алеся, як толькі яны ўвайшлі ў дом.

Паўсюль былі развешаны галінкі траў, ад якіх у пакоі стаяў непаўторны пах чагосьці таямнічага і незвычайнага. Ефрасіння, так прадставілася ім варажбітка, сядзела за сталом перад запаленай свечкай. Яна загадала адной з дзяўчат пачакаць у калідоры. Пасля таго як Наташка выйшла, Алеся ціхенька прысела ў крэсла і асцярожна працягнула варажбітцы сваю руку. Тая доўга нешта мармытала і сыпала нейкім парашком на лініі далоні, напэўна для таго, каб яны былі лепш бачныя. Потым раскінула карты і вынесла свой прысуд.

– Вось што. Сустрэча твая з лёсам вельмі блізкая. Зараз і здарыцца яна.

– Як гэта зараз? – усклікнулаАлеся.

– Першы мужчына, які сам загаворыць з табой, і ёсць твой лёс. А цяпер ідзі.

Алеся выйшла на вуліцу. Вочы разанула яркае святло дня, свежае паветра адразу ўдарыла ў галаву.

– Алеся? Прывітанне! Не чакаў цябе тут пабачыць! – на супрацьлеглым баку вуліцы стаяў калега па працы Максім Савельеў.

– Я тут па справах… – хуценька прыдумала адгаворку Алеся. – А ты што тут робіш?

– Умяне брат тут жыве. Вось вырашыў…

Але Алеся не слухала яго далей. Яна прыгадала словы варажбіткі. Няўжо гэта Максім яе лёс?

…Пасля працоўнага дня Максім не ішоў, а літаральна ляцеў дадому. Яго сэрца ледзь не выскоквала з грудзей ад радасці, бо сёння ў яго першае сапраўднае спатканне з каханай. Вядома, крыху шкада, што для выканання задуманага плана ў жыццё, прыйшлося растацца з часткай зберажэнняў. Але тое, што Алеся нарэшце звярнула на ягоўвагу, таго каштавала.

 

Поделиться ссылкой:

1+

Добавить комментарий