“На нашым кірмашы – усё ад душы”. Канспект занятку па адукацыйнай вобласці “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” для дзяцей сярэдняй групы

- 18:05Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

Наталля ЛЯПКО,
выхавальнік
ДУА “Яслі-сад № 5 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

Праграмныя задачы: фарміраваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні дарослага. Фарміраваць уменне складаць кароткае апавяданне па сюжэтных малюнках, увесці ў слоўнік дзяцей новыя словы – кірмаш, замацаваць вядомыя: бульба, цацкі, адзенне, увесці спалучэнне – хлебабулачныя вырабы; замацаваць правільнае вымаўленне гукаў [г] і [р] у словах і фразах. Фарміраваць уменне правільна дапасоўваць прыметнікі да назоўнікаў. Развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасці, памяць, камунікатыўныя ўменні дзяцей. Выхоўваць каштоўнасныя адносіны да багацця беларускага народа.

Матэрыял і абсталяванне: касцюм Гаспадыні для дарослага; хлебабулачныя вырабы: батон, хлеб, абаранкі; малюнкі “Як да нас прыйшоў хлеб”, стравы з бульбы: дранікі, бульба печаная; адзенне для лялек: кашуля, сукенка, спадніца, боты, штаны, фартух, хустка, капялюш; цацкі: дудкі, свісцёлка, лялька, аўдыязапіс беларускай песні “Кірмаш гудзе” (гурт “Бяседа”), кошык, беларускі ручнік.

Папярэдняя работа: чытанне беларускіх народных казак, апавяданняў беларускіх пісьменнікаў, завучванне вершаў, знаёмства з народнымі гульнямі, карагодамі, прыказкамі, прымаўкамі; удзел у народных святах.

 

Ход занятку

Выхавальнік у вопратцы беларускай Гаспадынькі заходзіць у групу.

Выхавальнік (В.):

Добры дзень, мае даражэнькія,
Дарослыя і маленькія!
Сёння наша хата гасцямі багата.
Усіх вітаю, здароўя жадаю!
Я вас вельмі чакала,
Шмат аладкаў нагатавала,
Але аладкі пазней,
А вы, дзеткі, праходзьце весялей.

Выхавальнік (В.): Сёння я прыйшла да вас у госці, вельмі хачу з вамі гуляць, размаўляць, весяліцца. Калі ласка, паглядзіце, колькі гасцей да нас прыйшло. Давайце з імі павітаемся.

Дзеці:

Сёння мы гасцей вітаем,
Здароўя, шчасця ўсім жадаем!
Добры дзень вам, добры дзень!
Рады бачыць мы гасцей!
Рады бачыць мы гасцей!
Добры дзень Вам, добры дзень!

В.: Адкажыце, у якой краіне мы з вамі жывём?

Дзеці: У Беларусі.

В.: Так, дзеці. Якая прыгожая назва ў нашай краіны – Беларусь. Чыстая, светлая, вольная, незалежная Беларусь. А гэта значыць, што людзі на гэтай зямлі добрыя і ветлівыя. А на якой мове мы з вамі размаўляем?

Дзеці: На беларускай мове.

В.: Ёсць шмат краін на свеце, але наша нам самая дарагая.

Дзеці: Мы ведаем вершы пра нашу краіну.

Хлопчык:

Беларусам я радзіўся,
Беларусам буду жыць,
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць
Бо радзімая старонка
Над усё мне прыгажэй,
Беларуская гаворка,
Над усё мне даражэй. (А.Мілюць)

Дзяўчынка:

Твар румяненькі,
Белая хустачка,
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка!
І хачу
Так, як тата і мама,
Родны край свой любіць
Я таксама! (А.Бадак)

 

Гульня “Перакладчык”

В.: Сапраўдныя беларусы добра размаўляюць на беларускай мове. А раз вы ведаеце многа слоў на беларускай мове, я хачу пагуляць з вамі ў гульню, якая называецца “Перакладчык”. Я буду гаварыць словы на рускай мове, а вы на беларускай.

Конфета – цукерка
Яблоко – яблык
Кровать – ложак
Кружка – кубак
Платье – сукенка
Дом – хата
Праздник – свята
Базар – …….(КІРМАШ).

В.: Сёння я хачу пазнаёміць вас з новым словам “кірмаш”. Кірмаш – гэта свята, цудоўнае свята, на ім прыгажосці і працы багата.

Я запрашаю вас на кірмаш у мінулае. А трапіць туды нам дапамогуць паветраныя шары.

 

Дыхальная гімнастыка

В.: Глыбокі ўдых праз нос, выдых праз рот.

Дзеці імітуюць надзіманне паветранага шара.

В.: Вы толькі гляньце, дзе мы апынуліся! Які кірмаш багаты! Колькі людзей сабраліся, і тавараў шмат! Падыходзьце да першага гандлёвага рада. Чуеце дзеці, як пахне прыемна?

На сняданне і абед на стале заўсёды хлеб.
Хлеб – святыня, хлеб – багацце,
Хлеб у хаце – шчасце ў хаце.
Паглядзіце, што вы бачыце на гэтым раду?

Дзеці: Хлеб, каравай, булка, абаранкі.

В.: А як можна аб’яднаць усе гэтыя назвы? (Адказы дзяцей).

Так, гэта хлебабулачныя вырабы. А вы ведаеце, адкуль прыйшло да нас гэта багацце? Памятаецца, мы з вамі чыталі беларускую народную казку “Пшанічны каласок”? Доўгая дарога ад зярняткі да булачкі, а колькі працы, колькі людзей працавала ад зары да зары. Гэта цяпер на дапамогу прыйшла тэхніка, машыны сеюць, жнуць, аруць. Можа хто ведае, як хлеб з’явіўся на нашым стале?

 

Дыдактычная гульня “Разлажы ў паслядоўнасці ”

Дзеці паслядоўна выкладваюць малюнкі.
Па аднаму выходзяць да мальберта
і састаўляюць апавяданні па малюнках.

Дзеці: Спачатку поле аруць, потым барануюць, сеюць зерне, дожджык палівае, сонейка зямлю грэе. Як паспела зерне, збіраюць яго, вязуць на млын, мелюць муку і пякуць хлеб.

 

 

Чыстагаворка “Пірагі ”

В.: Ой, як смачна пачастуемся хлебам.

Га-га-га, хачу пірага.
Гі-гі-гі, смачныя пірагі.
Гу-гу-гу, з’есці не магу.
Гоў-гоў-гоў, няма пірагоў. (Н. Старжынская)

Дзеці разам з выхавальнікам, а потым паасобку прагаворваюць чыстагаворку.

В.: А яшчэ многа прыказак і прымавак пра хлеб. Можа хто ведае сам?

Дзеці: Многа снегу – многа хлеба.
             Хочаш есці калачы – не сядзі на пячы.
             Хлеб – усяму галава.
             Хвала рукам, што пахнуць хлебам.

В.: Мы з вамі абавязкова пачастуемся хлебнымі вырабамі з нашага кірмашу. Але нам яшчэ трэба зрабіць шмат пакупак.

Музыкальная фізкультурная хвілінка “Кірмаш гудзе» (запіс гурта «Бяседа»)

В.: На кірмашы вельмі весела, тут спяваюць і танцуюць. Прапаную і нам павесяліцца.

Дзеці выконваюць танцавальныя рухі за выхавальнікам.

В.: Падыходзьце да другога гандлёвага раду. Што ў нашым краі другім хлебам завецца?

Дзеці: Бульба.

В.: Хай той запляскае ў далонькі, хто любіць з бульбы аладкі.

Дзеці пляскаюць у далонькі.

А можа хто ведае, якія стравы гатуюць з бульбы?

Дзеці: Калдуны, бульба печаная, бульба смажаная, дранікі.

В.: А можа хто ведае верш пра бульбу?

Дзіця чытае верш:

Бульбу вараць, бульбу жараць,
З бульбы дранікі пякуць,
Бульбу садзяць і капаюць…
У мундзірах яшчэ ядуць! (Валянціна Ментуз)

В.: А вы ведаеце, наш народ за мяжой называюць “бульбашамі”.

Падыходзьце да трэцяга гандлёвага раду. Ёсць яшчэ ў нас і цацкі для дзіцячай забавы. Бярыце ўсе па адной цаццы і называйце, што ўзялі і з чаго яна выраблена.

 

Дыдактычная гульня “З чаго зроблена?”

Дзеці: Лялька з саломы – саламяная
             Свісцёлка з гліны – гліняная
             Дудка з дрэва – драўляная
             Цацка з гумы – гумовая
             Лялька з ільну – ільняная

В.: Падыходзьце да наступнага гандлёвага раду. Што тут прадаюць?

Дзеці: Адзенне.

 

Гульня “Апрані ляльку ”

В.: Дапамажыце Янку і Яніне падабраць адзенне. Я падзялю вас на каманды. Адна каманда адзявае Янку, а другая Яніну.

Дзеці бяруць адзенне, называюць па-беларуску (сукенка, лапці, спадніца) і апранаюць лялек.

В.: Вось і скончылася наша падарожжа ў мінулае, на кірмаш. А зараз нам пара вяртацца ў дзіцячы садок. Надзьміце свае паветраныя шары і паляцелі.

Дзеці развітваюцца з Янкам і Янінай. Імітуюць надзіманне паветнага шара і вяртаюцца з падарожжа ў групу.

В.: Дзе мы з вамі былі?
      Што найбольш вам спадабалася?
      Што мы з вамі бачылі?
      Пра што новае вы даведаліся?

Беларусы – вельмі гасцінныя людзі. У іх есць такая традыцыя: які б госць не зайшоў у хату, яго патрэбна пачаставаць, і я не буду парушаць гэту традыцыю і таксама хачу пачаставаць вас, дзеці, бо вельмі вы добрыя, разумныя, паслухмяныя.

Выхавальнік частуе дзяцей.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий