- Карэкцыйная педагогіка. Вопыт, Метадычка

Узбагачэнне эмацыянальнага вопыту праз выяўленчую дзейнасць

 

Наталля МАЕР,
педагог-псіхолаг
ЦКРНіР Свіслацкага раёна

 

 

У дзяцей з мноствам цяжкіх парушэнняў развіцця адзначаецца своеасаблівасць сацыяльна-эмацыянальнага развіцця. Яны з цяжкасцю вылучаюць аднагодкаў у якасці аб’ектаў для ўзаемадзеяння, доўга засвойваюць правілы паводзін, не праяўляюць ініцыятывы ў арганізацыі ўзаемаадносін з людзьмі, якія знаходзяцца побач, не прымяняюць атрыманыя веды ў штодзённым жыцці.

Адсутнасць мэтанакіраваных прыёмаў аналізу, параўнання, сістэмнага пошуку, поўнага ахопу матэрыялу, прымянення адэкватных спосабаў дзеянняў прыводзіць да таго, што дзейнасць гэтых дзяцей набывае хаатычны, бязладны і неасэнсаваны характар. Таму задача педагога-псіхолага – дапамагчы дзецям з мноствам цяжкіх парушэнняў развіцця навучыцца арыентавацца ў нашым свеце, знайсці сваё месца, арганізаваць сваю дзейнасць, пераканаць дзіця ў тым, што яно здольнае стварыць штосьці цікавае.

Адначасова з пазнаннем прадметнага зместу рэчаіснасці, што акружае дзяцей, адбываецца і эмацыянальнае асваенне свету.

Эмацыянальныя рэакцыі – гэта праяўленне іх адносін да навакольнага свету. Адносіны гэтыя яшчэ не ўсвядомлены самімі дзецьмі і ствараюцца на аснове эмацыянальнага вопыту. Дзіця “прысвойвае” сабе сацыяльны вопыт дарослых. Для гэтага неабходна стварыць адпаведныя ўмовы: арганізаваць навакольнае асяроддзе, знаёміць з прадметамі і з’явамі, фарміраваць пазнавальную актыўнасць.

У нашым цэнтры навучаюцца дзеці з сярэдняй і цяжкай ступенню інтэлектуальнай недастатковасці, сіндромам Дауна. Таксама атрымліваюць карэкцыйную дапамогу педагога-псіхолага дзеці з затрымкай псіхалагічнага развіцця. Так, напрыклад, для дзіцяці школьнага ўзросту з цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю педагогам-псіхолагам складаюцца праграмы па выніках дыягностыкі, мэтай якіх з’яўляецца ўзбагачэнне эмацыянальнага вопыту праз працэс успрымання дзіцём аб’ектаў і з’яў навакольнага асяроддзя.

Задачамі праграм могуць быць: развіццё дробнай маторыкі рук; зняцце эмацыянальнага і мышачнага напружання; фарміраванне пазнавальнай актыўнасці; развіццё ўмення сумеснай дзейнасці; выхаванне беражлівых адносін да рукатворнага свету і інш.

Праграмы ўключаюць у сябе наступныя блокі: “Мы і прырода”, “Браты нашы меншыя”, “У гасцях у казкі”, “Людзі і прадметы вакол іх”.

Усе заняткі пачынаюцца з прывітання. Да кожнага з іх падбіраю малюнкі і заданні па вывучаемай тэме. Заданні падбіраю, улічваючы індывідуальныя магчымасці дзіцяці, і паступова ўскладняю. Інфармацыю падаю ў даступнайдля дзяцей форме. Для дасягнення высокіх вынікаў у рабоце па пазнавальным развіцці стараюся ўлічваць тое, што больш падабаецца дзіцяці, што ў яго лепш атрымліваецца, у прыватнасці, выяўленчую дзейнасць.

У час занятку ствараю гульнявыя сітуацыі (з дамамогай разнастайных цацак або прадметаў, выступленніад асобы таго ці іншага персанажа і г.д.), якія спрыяюць абуджэнню станоўчых адносін да адлюстраванага аб’екта, ініцыіруюць жаданне перадаць яго вобраз, выкарыстоўваючы даступныя выяўленчыя сродкі.

У працэсе выканання задання працую над удасканаленнем у дзіцяці ўяўлення пра значнасць сваёй дзейнасці, стымулюю творчую актыўнасць праз вырабы, малюнкі, зробленыя рукамі педагога і дзіцяці, выхоўваюберажлівыя адносіны да рукатворнага свету.

У сучасны момант абгрунтавана магчымасць і неабходнасць выкарыстання новых незвычайных матэрыялаў і цікавых тэхнік выяўлення ў карэкцыйна-развіццёвай рабоце здзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Выкарыстанне ў дзіцячай выяўленчай дзейнасці нетрадыцыйных мастацкіх тэхнік, дзе не патрабуецца дакладнага валодання алоўкам, пэндзлем, на мой погляд, садзейнічае развіццю ў дзяцей цікавасці, як у самой дзейнасці, так і да яе выніку. Вопыт работы паказаў, штоў выніку актывізуецца развіццё псіхічных працэсаў, удасканальваецца маторыка, зрокава-рухальная каардынацыя, раскрываецца творчы патэнцыял “асаблівых” дзяцей.

Тэхнікі могуць выкарыстоўвацца, як у спалучэнні, традыцыйныя і нетрадыцыйныя спосабы адлюстравання, так і некалькі нетрадыцыйных спосабаў малявання ў адной рабоце.

На занятках выкарыстоўваю наступныя метады: цялесная тэрапія; гульнятэрапія; казкатэрапія; аўтатрэнінг (з выкарыстаннем вершаў, запісу гукаў прыроды, рэлаксацыйнай музыкі); комплекс практыкаванняў на развіццё эмацыянальна-валявой і сацыяльнай сферы; дыхальныя практыкаванні; комплекс гульняўі практыкаванняў на развіццё дробнай маторыкі рук; маларухомыя і рухомыя гульні на зняцце мышачнай напружанасці, эмацыянальная разрадка.

Выкарыстоўваю наступныя тэхнікі:

     – “калаж”, асноўная мэта: фарміраваць уменне спалучаць нетрадыцыйную тэхніку малявання з традыцыйнай;

     – “маляванне пальчыкамі”, тэхніка выканання: прыжыманне пальцаў рукі да паверхні ліста паперы рознымі спосабамі (падушачкамі пальцаў, з боку фалангі, усёй далоні) для атрымання розных адбіткаў;

     – “аплікацыя з кавалкаў рванай паперы”, тэхніка выканання: каляровая папера рвецца на маленькія кавалкі і гэтымі кавалкамі выконваецца малюнак.

Нетрадыцыйныя тэхнікі выяўлення раскрываюць перад дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці вялікія магчымасці для выражэння разнастайных эмоцый, садзейнічаюць фарміраванню ў дзяцей перадумовы выяўленчай дзейнасці і гульні. Гэтыя дзеці разумеюць усё літаральна і адчуванні свае захоўваюць надоўга, а калі гэтыя адчуванні эмацыянальна афарбаваны, то запамінаюцца на ўсё жыццё.

Яшчэ 2500 гадоў назад кітайскі філосаф Канфуцый гаварыў: “Што я чую – я забываю. Што бачу – я запамінаю. Што я раблю – я разумею”.

Такім чынам, усё, што павінна быць добра вывучана, перш за ўсё павінна быць пазнана пачуццямі: нюхам ці зрокам, ці зроблена рукамі.

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий