- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вечная слава вадзе

 

Каб даць дзецям веды пра значную ролю вады для ўсяго жывога на зямлі і навучыць іх беражліваму выкарыстанню вады ў побыце, у яслях-садзе № 10 Навагрудка правялі тэматычны дзень “Вечная слава вадзе”.

На працягу ўсяго дня дзеці з асаблівым стараннем мылі рукі перад прыёмам ежы, паласкалі рот, чысцілі зубы, палівалі пакаёвыя расліны, пілі ваду. Выхаванцы адзначалі, што чалавек пастаянна выкарыстоўвае ваду. Мы разглядалі ілюстрацыі і вялі гутаркі пра вадаёмы, азёры, рэкі, моры, акіяны. 

Дзеці даведаліся, што не ўся вада прыдатная для піцця. Падчас гульні “Хто дзе жыве?” успомнілі жывёл, якія жывуць у пустынях, саванах, стэпах і як яны прыстасоўваюцца да ўмоў, дзе вады недастаткова. Для рухальнай актыўнасці выкарыстоўвалася гульня з музычным суправаджэннем “Хмарка і кропелькі”. Педагогі разам з малымі правялі эксперымент па ачыстцы вады на прыкладзе зафарбаванай вады і ватовага дыска і прыйшлі да высновы, што ачышчальныя збудаванні вельмі патрэбныя і важныя.

Выхаванцы расказвалі пра выкарыстанне вады ў хатніх умовах на прыкладзе бацькоў. Рабілі высновы пра эканомнае выкарыстанне вады і што для гэтага трэба рабіць, а таксама з вялікім задавальненнем расказвалі пра сітуацыі з асабістага вопыту, дзе вада была выкарыстана не эканомна. Дзеці вырашылі, што яны будуць эканомна выкарыстоўваць гэтае прыроднае багацце, а таксама сачыць за тым, каб і іншыя людзі беражліва ставіліся да яго.

У выніку такой работы дзеці атрымалі веды пра значнасць вады, вучыліся беражлівасці і эканоміі, зразумелі, што вада – гэта жыццё.

Акрамя таго, у працэсе зносін дашкаляты вучыліся выкладаць свае думкі поўнымі сказамі, папоўнілі свой слоўнікавы запас, удасканалілі ўменне складаць невялікія апавяданні па малюнках і з асабістага штодзённага жыцця. А гэта мае вялікае значэнне для развіцця мовы і разумовых здольнасцей дзіцяці.

Алена МІЗЭРНІК,
выхавальнік старшай групы
ясляў-сада № 10
Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий