- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вучым малят даглядаць за зубкамі

 

Ужо з першай малодшай групы ў яслях-садзе № 3 Навагрудка праводзіцца работа, накіраваная на тое, каб захаваць зубкі выхаванцаў здаровымі і прыгожымі.

Выкарыстанне наглядных дапаможнікаў “Зубасцік” і “Бяззубік” дае магчымасць фарміраваць элементарныя ўяўленні пра правілы гігіены поласці рота, карысці цвёрдай садавіны і агародніны, шкодзе празмернага ўжывання салодкага.

Зроблены мною гульнявы макет з фетру “Зуб Зубыч і Зубная шчотка” дае магчымасць фарміраваць першапачатковыя ўяўленні пра чыстку зубоў, правільныя рухі рукі з зубной шчоткай, адпрацоўваць рухі рукі на макеце. Выкарыстанне дыдактычнай гульні “Што для зубак добра” падчас занятку на тэму “Зубкі здаровыя патрэбны” садзейнічае фарміраванню ў дзяцей уяўленняў пра карысць морквы, яблыкаў, груш, агуркоў і шкоду цукерак, вафель, шакаладу. На прыкладах гульнявых персанажаў я падводжу дзяцей да высновы, як правільна даглядаць за зубкамі: Бяззубік сумаваў, таму што застаўся без зубоў, страціў іх з-за таго, што еў шмат салодкага і не чысціў зубы, а Зубасцік, наадварот, вельмі вясёлы, таму што яго зубкі не баляць, бо ён часта есць садавіну і агародніну і заўсёды чысціць зубкі. Сюжэтна-адлюстравальная гульня “Доктар” дала магчымасць пашырыць уяўленні дзяцей пра работу зубнога ўрача і разам з тым прывучала не баяцца стаматолага.

Фарміраванню ўяўленняў пра неабходнасць догляду за зубамі садзейнічалі таксама і гутаркі з медыцынскай сястрой на тэму “Зубная шчотка – зубоў сяброўка”, “Вучымся чысціць зубкі”.

Выхаванцы групы з задавальненнем чысцяць зубы, часам з дапамогай дарослага, палошчуць рот пасля прыёму ежы. Чыстка зубоў суправаджаецца прагаворваннем і завучваннем пацешак, расказваннем вершаў выхавальнікам, разглядваннем дзецьмі сябе ў люстэрка пасля гігіенічных працэдур, што садзейнічае падтрыманню цікавасці, выклікае задавальненне ў дзяцей.

Якаснае фарміраванне культурна-гігіенічных навыкаў немагчыма без падтрымкі бацькоў выхаванцаў, таму ім былі прапанаваны кансультацыя “Правілы гігіены поласці рота для ўсёй сям’і” і памятка “Вучым дзяцей чысціць зубы правільна”.

Надзея ЁРЧЫК,
выхавальнік ясляў-сада № 3 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий