- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Далучэнне да гісторыі і мовы

 

 Своеасаблівы музей беларускіх ручнікоў сабрала для сваіх выхаванцаў Юлія Краўцова, выхавальнік старшай групы Вялікабераставіцкага ясляў-сада.

Фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы – такая мэта пастаўлена перад установай дашкольнай адукацыі. Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым аб’екты матэрыяльнай спадчыны.

На працягу некалькіх заняткаў па развіццю маўлення выхаванцы вывучалі гісторыю вырабу ручніка і яго прызначэнне. Выхавальнік падрабязна знаёміла дзяцей з тым, што ў старажытнасці ручнік ад самага нараджэння ўсюды суправаджаў чалавека. На яго прымалі немаўля, ім выціралі твар, насілі яго як элемент адзення, ім упрыгожвалі хату. На ручнік клалі свежы хлеб, якім разам з соллю віталі гасцей.

Сваіх выхаванцаў Юлія Валер’еўна таксама павітала хлебам і соллю на ручніку. Усе разам разглядалі асаблівасці вырабу ручнікоў. Выхавальнік расказала, што ткалі ручнікі жанчыны самі дома на ткацкім станку, а потым аздаблялі іх рознымі ўзорамі і арнаментам. Дзеці здагадаліся, што найбольш часта пры вышыўцы выкарыстоўваліся чырвоны і белы колеры. Выхавальнік патлумачыла, што колеры мелі сімвалічнае значэнне: чырвоны – колер сонца, агню, цеплыні, белы – свету, вады, чысціні.

На занятках па выяўленчым мастацтве дзеці паспрабавалі самі ўпрыгожыць касцюм лялькі арнаментам і ўзорамі. А потым дзеці запрасілі да сябе сяброў з іншых груп і расказалі ім пра тое, што даведаліся самі. А яшчэ прапанавалі пагуляць у беларускую народную гульню “Лапаточкі”. Як быццам сапраўдны музей наведалі і пабылі ў ролі экскурсаводаў.

Уключэнне дзяцей у розныя віды дзейнасці спрыяе больш актыўнаму засваенню слоў беларускай мовы, заахвочвае да самастойных выказванняў на мове.

Вольга БЕЛЯНЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Вялікабераставіцкага ясляў-сада

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий