“Гісторыя – сведка мінулага, святло ісціны…”

- 19:51ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Гэтыя словы Цыцэрона сталі эпіграфам тыдня гісторыі і грамадазнаўства, які прайшоў у Юрацішкаўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Іўеўскага раёна. Падчас правядзення тыдня навучэнцы мелі магчымасць не толькі прадэманстраваць веды па вучэбных прадметах, але і праявіць сваю фантазію, артыстызм, творчасць.

Адкрыццё тыдня пачалося турнірам знаўцаў права. “Ці ведаеце вы Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь?” – пад такой назвай прайшла інтэлектуальная гульня для старшакласнікаў. Вучні ўспаміналі асноўныя законы, па якіх жыве наша дзяржава. Добрае веданне статутаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь паказалі юнакі і дзяўчаты з 11-га класа.

Уменне працаваць у камандзе прадэманстравалі шасцікласнікі падчас правядзення брэйн-рынгу “Загадкавае Сярэднявечча”. Яны адказвалі на пытанні, звязаныя з найважнейшымі датамі і падзеямі гісторыі, імёнамі гістарычных асоб.

У час правядзення віктарыны “Старажытныя цывілізацыі” пяцікласнікі адгадвалі загадкі, рашалі рэбусы, выступалі ад імя гістарычных асоб, прадстаўлялі малюнкі, на якіх адлюстроўвалі герояў міфаў.

Сярод вучняў 7–10-х класаў вялікую цікавасць выклікала гістарычная латарэя “Гартаем старонкі гісторыі разам”, якая давала магчымасць зарабіць сертыфікат на атрыманне высокай адзнакі па прадмеце.

У выставе газет і крыжаванак прымалі ўдзел навучэнцы 7–8-х класаў. Асаблівай увагай у іх карысталіся матэрыялы на тэму “Роля асобы ў гісторыі”.

У апошні дзень прадметнага тыдня вучні 6–9-х класаў сустрэліся ў “Бітве эпох”, дзе прадэманстравалі веды пра розныя перыяды гісторыі. Маланкавыя адказы на вусныя пытанні раззадорылі гульцоў, каманды рашалі рэбусы, крыжаванкі. Перамогу пакінулі за сабой сямікласнікі.

Пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі, а ўсім вучням педагогі выказалі падзяку за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні тыдня гісторыі і грамадазнаўства.

Людміла УС,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Юрацішкаўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий