Рабочая прафесія для жамыслаўльскіх школьнікаў

- 14:07ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У рамках тыдня прафарыентацыі 11 лютага ў Жамыслаўльскім дзіцячым садзе – базавай школе была арганізавана сустрэча з выкладчыкам Іўеўскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Паўлам Цітковым.

У ходзе мерапрыемства Павел Уладзіміравіч расказаў школьнікам пра навучальную ўстанову, правілы прыёму, а, галоўнае, пра найбольш запатрабаваныя сельскагаспадарчыя прафесіі – трактарыст-машыніст, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын, машыніст халадзільных установак.

Навучэнцы школы пражываюць у сельскай мясцовасці, і многія хочуць прадоўжыць справу бацькоў, якія, у большасці сваёй, працуюць на зямлі. І нашы дзеці не па чутках ведаюць, якой руплівай і ганаровай ва ўсе часы была і застаецца праца ў сельскай гаспадарцы. Паколькі наша ўстанова дае толькі базавую адукацыю, для навучэнцаў вельмі важна, што разам з прафесіяй выпускнікі ліцэя атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і могуць працягнуць навучанне ў іншых навучальных установах.

Жывую цікавасць выклікаў прагляд відэароліка “Іўеўскі ДСПЛ запрашае …”, з якога вучні даведаліся, як клапоціцца наша дзяржава пра моладзь, ствараючы камфортныя ўмовы для вучобы і ўсебаковага развіцця асобы. У ліцэі працуюць спартыўныя секцыі і гурткі розных напрамкаў. Акрамя ўсяго, усе навучэнцы на аснове базавай адукацыі забяспечваюцца бясплатным абедам, а іншагароднім прадастаўляецца інтэрнат.

Падчас сустрэчы школьнікі змаглі атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні, выказалі думку, што так важна, каб цябе пачулі, дапамаглі і падтрымалі. Разважалі, што жывуць у цікавы час, у век інфармацыйных тэхналогій, і хочуць быць канкурэнтназдольнымі, атрымаць якасную адукацыю.

Сустрэча заканчвалася, але ніхто не спяшаўся пакінуць аўдыторыю. Інфармацыі для разважанняў было шмат, а выбар, вядома ж, за моладдзю. Адзін з выпускнікоў ужо дакладна вырашыў працягнуць сваю вучобу ў Іўеўскім сельскагаспадарчым ліцэі. 

Таццяна ЖУРКО,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Жамыслаўльскага дзіцячага сада – базавай школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий