- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Тыдзень замежнай мовы “We do not remember days, we remember moments”

 

We do not remember days, we remember moments. Мы памятаем не дні, мы памятаем моманты” – пад такім дэвізам з 8 па 12 лютага ў сярэдняй школы № 1 г. п. Рось прайшоў тыдзень замежнай мовы.

Удзел у ім прынялі ўсе – ад навучэнцаў пачатковых класаў да выпускнікоў. Апошнія, нягледзячы на іх занятасць пры падрыхтоўцы да экзаменаў, чакалі мерапрыемства з нецярпеннем. Для вучняў 3-га класа, якія толькі пачалі вывучаць англійскую і нямецкую мовы, тыдзень замежнай мовы быў нечым новым, нязведаным, і яны з азартам уключыліся ў работу.

Навучэнкі 9 “Б” класа Любоў Філіпава, Варвара Барыльнікава і Ангеліна Мілько падрыхтавалі фотазону ў стылі “Лондан”. Ад жадаючых зрабіць фота класа, а таксама сэлфі, не было адбою.

Паміж класамі разгарнулася сапраўдная барацьба ў конкурсе “Word of the day (слова дня)”, дзе навучэнцы пісалі словы на пэўную літару за абмежаваны час. Адзінаццаты клас ніяк не хацеў саступаць шасцікласнікам. У той жа час шасцікласнікі, як маглі, дапамагалі дзевяцікласнікам у цікавай і пазнавальнай віктарыне “Your own game (свая гульня)”.

Навучэнцы былі вельмі актыўныя, зараджаючы энтузіязмам сваіх аднакласнікаў і настаўнікаў падчас правядзення захапляльнай інтэрактыўнай гульні-віктарыны “What is missed? (Чаго не хапае?)”, анлайн-вандровак “Экскурсія па Лондане”, “Як ты ведаеш Германію”. Усім дзецям была дадзена магчымасць удзельнічаць самім у мерапрыемствах або хвалявацца за сваіх сяброў, застаючыся ў ролі гледачоў.

Асаблівым днём стала серада, калі для ўсіх вучняў на працягу перапынкаў адзіным сродкам зносін была замежная мова.

А яшчэ тыдзень замежнай мовы быў тыднем кампліментаў – навучэнцы гаварылі адно аднаму кампліменты ці пісалі іх сваім аднакласнікам і настаўнікам па сяброўскай пошце кампліментаў.

Прадметны тыдзень стаў сапраўднай падзеяй і аб’яднаў вучняў рознага ўзросту. Гэта была цудоўная магчымасць моўнай практыкі. Дарэчы, да мерапрыемства далучыліся нават настаўнікі іншых прадметаў і адміністрацыя школы.

Таццяна КАМЧЫЦ,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 1 г. п. Рось
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий