- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Выхаванне любві да роднага краю ў дзіцячым садзе

 

У яслях-садзе № 12 Навагрудка прайшоў тэматычны тыдзень “Мая Радзіма – Беларусь”.

У кожнага з нас ёсць малая радзіма. Няма даражэй месца, чым тое, дзе ты нарадзіўся і вырас. У нашым садку вучаць змалку народным традыцыям і абрадам, нашай роднай мове, беларускім рамёствам. Педагогі разам з дзецьмі імкнуцца да таго, каб захаваць і перадаць нашым дзецям любоў да беларускай культуры, роднай мовы, рамёстваў, нашай цудоўнай краіны з яе прыродай і навучыць іх берагчы ўсё гэта.

Выхаванцы пазнаюць малую радзіму праз вывучэнне родных мясцін, дасягненняў землякоў, гістарычнага мінулага краю і яго сучаснага развіцця, нацыянальна-культурных традыцый і духоўных набыткаў продкаў.

З дзецьмі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў па знаёмстве з родным краем: заняткі, гутаркі, гульні, віктарыны, вандроўкі, розныя падарожжы і экскурсіі. Цікавай была анлайн-экскурсія па славутых мясцінах Навагрудчыны. Выхавaнцы пазнаёміліся з Навагрудскім замкам, помнікамі Якубу Коласу, Невядомаму салдату, Адаму Міцкевічу, Рыцару, пабывалі на Гары Міндоўга, на Алеі ліхтароў.

Любоў дзяцей да роднага краю выхоўваем праз фальклорныя творы і мастацкую літаратуру, сюжэтна-ролевыя гульні “Сям’я” і “Беларуская хатка”, а таксама праз фальклорныя святы. У кутку “Беларуская хатка” дзеці знаёмяцца з мінулым краіны, абыгрываюць розныя сюжэты.

Асабліва цікавай, яркай, незабыўнай была літаратурна-музычная забава “Мой родны кут, мая зямля”, госцем якой быў дзед Усявед. Дзеці чыталі вершы пра Радзіму на беларускай мове, пелі песні, танцавалі беларускія танцы, гулялі з дзедам Усяведам у беларускія народныя гульні.

Праз шэраг свят, экскурсій, заняткаў дзеці далучаюцца да гістарычнай спадчыны, захоўваюць усё лепшае, што мае наш народ у сваёй скарбонцы.

Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік
ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий