- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Снегалэнд або калейдаскоп снежных спраў і забаў

 

Велізарную радасць і вясёлы запал у дашкалят, абуджэнне дзіцячай фантазіі да займальных гульняў і пацешных забаў на свежым паветры выклікае цяперашняя па-сапраўднаму снежная зіма. Таму прасторная i ўтульная тэрыторыя дзіцячага сада № 2 Свiслачы казачна ператварылася ў асобную снежную краіну, вобразна кажучы – снегалэнд, дзе падчас прагулак дзяцей чакае шмат снежных карысных спраў і цікавых забаў.

Так, у цэнтры пазнавальна-забаўляльнага снегалэнда знаходзіцца iскрыстае “Снежнае каралеўства”, вакол якога размяшчаюцца цудоўныя пляцоўкi. “Снежнае каралеўства” – гэта багатае снегасховішча, утворанае ад рэгулярнай чысткі снегу ў двары сада, якое выкарыстоўваецца дзецьмі як прыродны i каштоўны матэрыял пры будаўніцтве крэпасцей, лепцы снегавікоў. Варта адзначыць, што працавiтыя дашкаляты таксама прымаюць непасрэдны ўдзел у чыстцы снегу, дружна і старанна расчышчаюць снег маленькімі лапаткамі, мяцёлкамі змятаюць пухнаты cняжок з лавачак і арэляў. З вялікім задавальненнем і стараннем хлопчыкі і дзяўчынкі радасна катаюцца на санках, асвойваюць язду на лыжах на гарналыжнай пляцоўцы “Ледзяныя горкі”.

Азартна і весела дзеці гуляюць у зімовыя рухомыя гульні: “Два Маразы”, “Снежкі”, “Снег, лёд, завіруха”, “Сняжыначкі-пушыначкі” і іншыя на забаўляльнай пляцоўцы “Зімовыя гульні і забавы”. Навуковая пляцоўка “Маленькія даследчыкі” з метэастанцыяй дае магчымасць дапытлiвым выхаванцам праводзiць вопыты са сняжынкамі і лёдам, развіваць навыкі назірання. Пры дапамозе луп дашкаляты зрабілі самастойныя высновы пра тое, што кожная сняжынка ўнікальная і па-свойму прыгожая. Замарожваючы каляровую ваду ў формачках, дашкаляты пазнаёміліся з уласцівасцю вады ператварацца ў лёд. На пляцоўцы дабра “Птушыная сталовая”, якая размясцілася на экалагічнай сцежцы сада, дзяцей чакаюць птушкі-сябры. Штодзённа хлопчыкі і дзяўчынкі клапатліва частуюць сініц і вераб’ёў.

А на пляцоўцы фантазій “Снежныя скульптуры”, калі тэмпература паветра была каля нуля, а снег быў асабліва падатлівы да лепкі, была арганізавана выстава снегавікоў. Cамым цікавым і творчым момантам для дзяцей у працэсе лепкі з’явілася ўпрыгожванне снегавікоў яркімi гузiкамi, прыгожымi стужачкамi і вядома, традыцыйна, сапраўднымі вядзерцамі і мяцёлкамі, зробленымі з галінак. Пад кіраўніцтвам выхавальнікаў пры дапамозе пэндзля дашкаляты задорна размалёўвалi снегавікоў рознакаляровымi фарбамi. Такім чынам, у двары садка дзякуючы маленькiм скульптарам і дарослым з’явіліся незвычайныя яго жыхары: снегавік-дзяўчынка ў спаднічцы з какетлівымі банцікамі на галаве, сімпатычны снегавік-лыжнік, неразлучныя снегавікі-сябры, якія стаяць у абдымку, хуліганісты снегавік-акрабат, які стаіць на галаве. Але, мабыць, найбольш усiх уражвае велізарны бычок, сімвал 2021 года, якога на радасць дзецям “зваяў” са снегу рабочы садка дзядзька Мікола.

З упэўненасцю можам сказаць, што наш цудоўны снегалэнд – гэта маленькi чароўны свет для дзяцей. Зімовыя прагулкі, на якіх можна не толькі дыхаць свежым марозным паветрам, назіраць за прыродай, умацоўваць сваё здароўе і гартавацца, працаваць, гуляць з сябрамi, увасабляць фантазіі, выкарыстоўваючы не звыклы пластылін, а снег, кожны раз становяцца для выхаванцаў сапраўднымі прыгодамі, прыносяць масу незабыўных і яскравых уражанняў. Усе, што патрэбна для добрага настрою i зараду бадзёрасцi ў цудоўныя зімовыя дзянькі!

Наталля БОЙКА,
кіраўнік фізічнага выхавання
ясляў-сада № 2 Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий