- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Ведаць гісторыю, захоўваць памяць 

        

З нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у гімназіі Ганцавіч праходзяць тэматычныя пазакласныя мерапрыемствы, падчас якіх вучні даведваюцца пра прычыны ўводу савецкіх войскаў у Афганістан, баявыя дзеянні на тэрыторыі гэтай краіны, мужнасць і адвагу савецкіх воінаў.

Бібліятэкар С.В.Чэкун правяла ўрок мужнасці “Афганістан у маёй душы”, на якім васьмікласнікі зрабілі невялікі экскурс у гісторыю “неабвешчанай вайны”. Аповед суправаджаўся відэаматэрыяламі пра воінаў-афганцаў, іх нялёгкія салдацкія будні. Вялікае ўражанне на вучняў аказаў мастацкі фільм пра Афганскую вайну. Ніхто не застаўся раўнадушным да трагедыі на далёкай зямлі.

З дапамогай ваеннай карты дзеці прасачылі за рухам савецкіх войскаў на тэрыторыі Афганістана. Асаблівая ўвага ўдзялялася воінам-землякам, якія там загінулі. Сярод іх – М.А.Крысюк і В.І.Сідарэвіч, пасмяротна ўзнагароджаныя ордэнам Чырвонай зоркі.

С.В.Чэкун расказала пра знакавыя месцы, дзе ўвекавечана памяць пра Афганскую вайну. Вучні даведаліся пра гісторыю стварэння мемарыялу “Востраў Мужнасці і Смутку” у Мінску. Акцыі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў праходзяць у Ганцавічах ля памятнага знака на вуліцы Ламаносава.

Гімназісты азнаёміліся з мастацкімі і публіцыстычнымі творамі, прысвечанымі Афганскай вайне.

Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
гімназіі Ганцавіч

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий