- ВІЦЕБШЧЫНА, Рэгiёны

“Афганскі вецер” для юных шахматыстаў

 

Больш за дзесяць гадоў у Ахрэмаўскім яслях-садзе – сярэдняй школе Браслаўскага раёна існуе аб’яднанне па інтарэсах “Шахматы”.

Напэўна, нікому не трэба тлумачыць, наколькі карысная для развіцця дзіцяці гэтая старажытная гульня, якая спалучае ў сабе элементы спорту, навукі і мастацтва. Дзякуючы шахматам развіваецца інтэлект, лагічнае мысленне, памяць, працаздольнасць, фарміруюцца такія рысы характару, як настойлівасць у дасягненні мэты, хуткасць рэакцыі, аб’ектыўнасць, вытрымка, цярплівасць, самадысцыпліна, уседлівасць, уменне быць адказным за прынятае рашэнне, дасягаць перамог і рабіць карысныя для сябе вывады з паражэнняў. Папулярнасць шахмат зноў расце ва ўсім свеце, у тым ліку ў нашай краіне.

Для нашых юных шахматыстаў вельмі важны ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Адзін з самых значных для іх – турнір “Афганскі вецер”, прысвечаны памяці воіна-афганца, выпускніка нашай школы Валерыя Александровіча.

Дэвізам спаборніцтваў сталі словы знакамітага філосафа Артура Шапэнгаўэра: “Жыццё падобнае на гульню ў шахматы: мы ствараем план, але ён знаходзіцца ў залежнасці ад таго, што заўгодна будзе зрабіць партнёру, гэта значыць лёсу”. Лёс умяшаўся ў планы маладых беларускіх салдат, адпраўленых служыць у Афганістан. У Афганскай вайне прымала ўдзел больш за 30 тысяч нашых суайчыннікаў, 789 з іх загінулі. Валерый Александровіч аддаў жыццё ў першым сваім баі, прыкрываючы таварышаў.

Адкрылі турнір старшыня Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Браслаўскага раёна Леанід Мікшта і воін-афганец Станіслаў Ставіцкі. Заварожана слухалі навучэнцы аповед відавочцаў тых далёкіх падзей. Затым Л.В.Мікшта пажадаў перамагчы наймацнейшаму – і турнір пачаўся.

Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымалі Павел Клакоўскі сярод хлопцаў і Яўгенія Пабяржына сярод дзяўчат. Прыемна было лепшым шахматыстам атрымаць граматы, падпісаныя старшынёй Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, і сувеніры.

Такім чынам з’ядналіся ў адным дні шахматы і Памяць.

Алена АРЦІМОВІЧ,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Шахматы”
Ахрэмаўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Браслаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий