- Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Метадычка

“Дарога, якую прайшоў…”. Вечарына-ўспамін, прысвечаная У.Караткевічу

 

Таццяна ГРЭЦКАЯ,
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 22 г. Гродна

 

 

Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. А свет не застанецца без слоў.
…Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня.
У.Караткевіч. Нельга забыць

 

Фонам гучыць меладычная старадаўняя кампазіцыя, якая выконваецца на флейце вучаніцай. На экране – партрэт У.Караткевіча

 

Вядучы 1: Вялікі сын вялікага народа. Легендарны беларускі літаратар і не менш выдатны гісторык. Прарок усіх народаў і нацый. Чалавек, “які любіў у жыцці толькі адну жанчыну, Беларусь”. Любоў да яе зарадзілася так даўно, што ён нават не помніць, калі гэта здарылася ўпершыню. І быў ёй верны і адданы, пакуль білася яго сэрца.

Вядучы 2: Гэтыя ўзнёслыя і пранікнёныя словы пра Уладзіміра Караткевіча, хлопца з Оршы, з Прыдняпроўскай кручы. Сёлета яму споўнілася б 90 гадоў. Але пісьменнік жыве і будзе жыць сярод нас.

У яго творах нязменна плешчуцца хвалі былога і сённяшняга жыцця. Услухаемся ў іх гоман.

Вядучы 1: Мы запрашаем вас прайсціся сцежкамі памяці, успамінаў, спадчыны чалавека, якога можна назваць Дэміургам, творцай, што стварыў непаўторны сусвет Беларусі. Ён адкрыўдля ўсіх нас… Беларусь, яе даўняе, сівое мінулае, увекавечыў сваю нацыю, узнёс яе ў вышыню, даў крылы для палёту.

 

Гучыць верш “ Можна ўсё: пусціць каханне дымам…”(Фонам ідзе відэаролік,
створаны вучнямі). На слайдзе – калаж з фотаздымкаў пісьменніка

 

Вядучы 2: Вы калі-небудзь звярталі ўвагу на тое, якія вочы ў Караткевіча? У іх свеціцца дабрыня і пяшчота, мудрасць і дзіцячая непасрэднасць, гумар і неардынарны розум. Ды ўсяго і не пералічыць!

Вядучы 1: А ўсмешка?! Здаецца, што яна мае магічную сілу, вяртае нам радасць, спакой і жаданне тварыць дабро, шукаць свет у сваёй душы, любіць жыццё і спазнаць каханне.

 

Гучыць верш “Гісторыя з першым каханнем”
у выкананні вучаніцы 11-га класа Новік Марыі

 

Вядучы 2: Давайце пагартаем Кнігу Жыцця знакамітага творцы.

 

На слайдах з’яўляюцца асноўныя даты з жыццяпісу У.Караткевіча на аснове яго аўтабіяграфіі “Дарога, якую прайшоў…”. Старонкі агучваюць вучні 11-га класа

 

1930 – “Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры…”.

1936–1941 – “Пісаць (а спачатку «бубніць») вершы пачаў год у шэсць… Таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў…”.

1941–1944 – “А потым пачалася вайна. Бамбёжкі. Эшалоны… Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Затрымлівалі, вядома… Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне… Урал, наваколле Кунгура… Арэнбург… Потым вызвалены Кіеў…”.

1944–1949 – “Восенню сорак чацвёртага пераехалі на Беларусь…”.

1949–1954 – “…паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт… Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам…”.

1950 – Напісаў першы варыянт аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.

1951–1958 – Праца настаўнікам, падарожжы па Беларусі, творчая праца.

1957 – прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

1958–1960 – Масква. Літаратурныя курcы. Курсы сцэнарыстаў.

1959 – Узнік пачатак рамана “Каласы пад сярпом тваім”.

З 1959 года – Актыўная творчая дзейнасць. Створана шмат твораў розных жанраў.

1966 – Караткевіч у Гродна.

 

Рэдактар школьнай газеты: “Жыццё паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста непарыўна звязана з Гродна. Сюды ён прыязджаў неаднойчы. Шмат вершаў Уладзімір Караткевіч прысвяціў Васілю Быкаву, Дануце Бічэль-Загнетавай, Максіму Багдановічу, лёс якіх знітаваны з горадам над Нёманам. Верш “Каложа” быў прысвечаны Дануце Бічэль-Загнетавай, якая ў час іх сустрэчы чакала дзіця.

 

Вучань 11-га класа: Яго словы часта з’яўляліся прароцкімі. Блукаючы па старажытных вуліцах, аглядаючы гістарычныя муры замка Вітаўта, ён сказаў: “Як я буду прэзідэнтам Беларусі, я адрэстаўрырую Стары Горад, накрыю яго шкляным каўпаком, каб ён не разбурыўся”. Словы сталі прароцкімі: рэстаўрыруецца Стары Замак. 

 

Народны танец у выкананні навучэнцаў

 

1967 – Сустрэча з экстрасэнсам В.Месінгам у Мінску. Яна працягвалася 40 хвілін. Караткевіч з яе выйшаў задуменны. Месінг жа выбег, нібы звар’яцелы, усклікнуў: “Вы правільна зрабілі, што прывялі яго. Гэта наш геній!”

1971 – закончыў нарыс “Зямля пад белымі крыламі”.

 

На экране відэаролік на аснове аўтарскай фотавыставы вучаніцы “Мая “Зямля пад белымі крыламі”. Здымкі рабіліся на працягу 2020 года ў розных кутках Беларусі

Урывак з паэмы “Зямля дзядоў” чытае вучань 11-га класа

 

Вядучы 1: За лічбамі гадоў схаваны творчыя пошукі, жыццёвыя выпрабаванні, непаразуменне з тымі, хто не мог усвядоміць глыбіню яго таленту.

Вядучы 2:  Мы паспрабуем адкрыць для вас новага Караткевіча. Таго, якім яго бачылі сябры і калегі, родныя і блізкія людзі.

 

На слайдах фотаматэрыял і радкі ўспамінаў яго сучаснікаў

 

Вядучы 1: Цікавыя факты з жыцця слыннай постаці айчыннай гісторыі.

 

Фота і відэаматэрыялы на экране. Іх агучваюць вучні

 

     1 Творы Караткевіча замянялі ў той час падручнікі па гісторыі.

     2 Пасля чарговага атрымання ганарару купляў галубоў, канарэек, каб затым выпусціць на волю. Каб зрабіць дабро.

3 У 1965 годзе часопіс “Полымя” надрукаваў упершыню раман “Каласы пад сярпом тваім”, які праз некалькі гадзін разабралі з прылаўкаў. У бібліятэках запісваліся ў чаргу, каб на пару дзён атрымаць кнігу. Былі нават спробы скрасці кнігі і часопісы з творамі Караткевіча з бібліятэк.

У 2019 годзе раман стаў самым папулярным творам у Беларусі.

 

На экране відэаролік вучня з урыўкам з рамана
“Каласы пад сярпом тваім”

 

     4 Над пытаннем: ці быў працяг рамана? – спрачаюцца даследчыкі і сёння. Прывядзем некаторыя меркаванні:
     1) працяг быў, яго скралі з кватэры пісьменніка ў 1982 годзе;
     2) твор закончаны, яго апошнім эпіграфам стала апавяданне “Сіняя-сіняя…”

Сам Караткевіч казаў, што яму цяжка расстацца з героямі, адправіць іх на смерць.

     5 Ён вяртаў беларусам іх нацыянальную мову. Сваім сябрам пісьменнік гаварыў: “Я знайшоў у архіве слова беларускае і ўставіў яго ў кніжку, хай чытаюць…”. Так узбагаціўся жывым народным словам не толькі раман “Каласы пад сярпом тваім”, але і казкі, паданні, творы гістарычнай тэматыкі.

     6 Адным з самых папулярных пісьменнікаў ХХІ стагоддзя лічаць Дэна Браўна. Але ніхто не задумваўся над тым, што Уладзімір Караткевіч яшчэ ў ХХ стагоддзі адкрыў нам свет эзатэрыкі. На гэтую тэму тады нават на Захадзе не гаварылі. Ён прадбачыў будучае, ведаў, што будзе хваляваць людзей заўтра.

У архівах пісьменнік знайшоў запісы пра тое, што ў сярэднявеччы ў Гродна прыйшоў чалавек, які называў сябе Хрыстом. Так з’явіўся твор “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Па матывах яго здымаўся фільм, які меў першую назву “Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка”. Другім быў – “Евангелле ад Іуды”. У фільма склаўся цяжкі лёс. Яго пастаянна прыходзілася пераздымаць (не адпавядаў патрабаванням крытыкі). На яго было патрачана 69(!) кіламетраў плёнкі. Яго называюць энцыклапедыяй жыцця беларусаў XVII стагоддзя. 22 гады гэты фільм-шэдэўр ляжаў на паліцы, забаронены для прагляду. Да нас дайшоў моцна парэзаны. Але, па чутках, у 1967 годзе поўную версію фільма купіў Ватыкан.

У гэтым фільме Караткевіч сыграў дзве ролі – ксяндза і татарына.

     7 Фільм “Дзікае паляванне караля Стаха” – першы савецкі трылер. Ён меў ашаламляльны поспех. Нягледзячы на тое, што сам аўтар не прымаў варыянт сцэнарыя рэжысёра. Караткевіч бачыў у творы прытчу, а рэжысёр Рубінчык – баявік. Аўтарскае ўспрыманне і кінематаграфічнае чуццё прыводзілі да ўзрыву эмоцый і стрэсаў. Тым не менш, гэта быў першы беларускі фільм у стылі харор (фільм жахаў).

     8 Мала хто ведае, што Уладзімір Караткевіч быў цудоўным дакументалістам. Яго фільмы – унікальны этнаграфічны матэрыял, які пісьменнік прывозіў з экспедыцый. Ён навучыў беларускі кінематограф рамантычна, пяшчотна адносіцца да маленькага чалавека. Цыкл фільмаў “Спадчына” знаходзіцца ў архівах. Можа, прыйшоў час для іх новага жыцця?

     9 1984 год. Цяжкая хвароба, рэанімацыя. Паездка на Прыпяць. Гэта было расстанне з Радзімай, з зямлёю, з Беларуссю. Адзін з прыпынкаў на начлег быў каля прытока Прыпяці Смердзь. Гучыць, як Смерць. Вечарам над раскладзеным вогнішчам тры разы праляцела сава. На што Караткевіч, выдатны знаўца фаўны і флоры Беларусі, сказаў: “Сава – гэта вельмі дрэнны знак, яна прадвеснік смерці”.

Так яно і сталася, паездка не была закончана…

 

Верш “Быў. Ёсць. Буду…” чытае вучань

 

     10 Яго з намі няма, але новыя творы пісьменніка з’яўляюцца і ў наш час. У 2000 годзе была выдадзена кніга казак “Вясна ўвосень”, якая створана на аснове сшытка з 128 старонак, дасланага Якубу Коласу студэнтам Караткевічам.

Магчыма, праз некаторы час узнікнуць і рукапісы, скрадзеныя з кватэры пісьменніка.

 

Вядучы 1: Хочацца пагадзіцца са словамі Алены Васілевіч: “Розны ён быў, ох, які розны, Уладзімір Караткевіч! І зусім няма патрэбы сёння далучаць яго да “ліку святых”… Яго самога гэта смяшыла б і абурала. Ён быў у жыцці і ў сваіх кнігах святы грэшнік. Таму і застаўся ў нашай памяці і ў нашым эмацыянальным свеце як непаўторная з’ява”.

Вядучы 2: А мне запалі ў душу словы Рыгора Барадуліна: “Кнігі твае чыталіся, чытаюцца і будуць чытацца, бояны напісаныя як бы на выраст. Тыя, што прыйдуць на зямлю ўслед за намі, будуць зайздросціць нам, як тваім сучаснікам, тваім першачытачам”.

 

Напрыканцы вечарыны ўсе прысутныя спяваюць (караоке) песню на словы У.Караткевіча “Дзе мой край?”
На экране ідуць слайды

 

Поделиться ссылкой:

+3

Добавить комментарий