- Метадычка, Пачатковая школа. Iдэi

Навучанне ў гульні: выкарыстанне канструктара “Лега” на ўроках у пачатковай школе

 

Вольга БАЛАБАЦЬКО,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 57 Гомеля, 

 

 

Напэўна кожны настаўнік рана ці позна задаецца пытаннем: “Чым здзівіць сённяшняга вучня? Як матываваць яго на дасягненне новых адукацыйных вынікаў?” Педагогі сярэдняй школы № 57 Гомеля штодзень імкнуцца ствараць умовы для развіцця творчых здольнасцей сваіх вучняў.

У педагагічнай рабоце мы ўлічваем тое, што самым дзейсным з’яўляецца пазнавальная цікавасць, якая ўзнікае падчас навучання. Дзіцяці лягчэй вучыцца, засвойваць матэрыял, калі яму цікава. Такая пазнавальная цікавасць фарміруецца рознымі спосабамі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Гэта і гульня, і элементы займальнасці, праблемныя сітуацыі і інш. Поспех навучання залежыць ад жадання дзіцяці вучыцца, спазнаваць. Значыць, наша мэта – прывіць цікавасць да ведаў, здольнасць іх атрымліваць, абапіраючыся на займальны і змястоўны матэрыял.

Сёння я як педагог, які працуе ў пачатковых класах, паставіла перад сабой задачу ў стварэнні ўмоў, якія б справакавалі дзіцячую цікавасць. Такія ўмовы лёгка рэалізаваць у адукацыйным асяроддзі “Лега”, бо яно спрыяе павышэнню якасці навучання, эфектыўнасці работы на ўроку, актыўнасці дзяцей, уцягванню іх у сістэмна-дзейны падыход, павышэнню паспяховасці.

Ужыванне “Лега” ў практыку правядзення заняткаў у сваім класе я пачала з пазаўрочнай дзейнасці. Рыхтуючыся да конкурсу даследчых работ мы з дзецьмі вырашылі зрабіць праект “Двор маёй мары”. Падчас работы навучэнцы параўноўвалі стан дваровых тэрыторый з дзіцячымі пляцоўкамі, шукалі недахопы і плюсы, адначасова знаёміліся з прафесіяй будаўніка. У практычнай частцы паспрабавалі сябе ў ролі стваральнікаў “Дзіцячай дваровай пляцоўкі сваёй мары” разам з бацькамі.

Выкарыстоўваючы канструктар, навучэнцы складаюць аповеды пра сваю сям’ю, сумесны адпачынак, любімыя заняткі, цікавыя выпадкі з сямейнага жыцця. Далей дзецям прапануецца арганізаваць абарону за адну хвіліну. Для гэтага трэба адрэдактаваць тэкст, пакінуўшы самае важнае і не страціць сэнс і логіку.

На ўроках літаратурнага чытання “Лега” выкарыстоўваем для ілюстравання сюжэтаў вывучаемых твораў. Навучэнцы будуюць дэкарацыі і мадэліруюць герояў, ствараючы такім чынам невялікі “Лега”-тэатр. Дзеці размяркоўваюць ролі, агучваюць герояў, аўтара. Ім прапануецца пабудаваць гісторыю, якая складаецца з трох частак (пачатак, сярэдзіна, канец), можна агаварыць сюжэт гісторыі.

Дзеці з дапамогай “Лега” складаюць рэпартажы з месца падзей, вырашаюць задачы, вывучаюць рускую мову і г.д. Такім чынам, з дапамогай канструктара “Лега” дзеці вучацца гуляючы.

Простыя дзеянні часта маюць самыя вялікія адукацыйныя перавагі, бо, знаходзячыся ў стане даследавання, дзіця мае магчымасць развіваць сацыяльныя навыкі, вучыцца рабоце ў камандзе. Вучні атрымліваюць поўную свабоду, бо яны могуць пабудаваць увесь свет цалкам з дэталей “Лега”.

Падчас заняткаў ідзе работа над развіццём інтэлекту, уяўленняў, дробнай маторыкі, творчых задаткаў, над развіццём дыялагічнай і маналагічнай гаворкі, пашырэннем слоўнікавага запасу. Асаблівая ўвага надаецца развіццю лагічнага і прасторавага мыслення. Школьнікі вучацца працаваць з прапанаванымі інструкцыямі,у іх фарміруюцца ўменні супрацоўнічаць з партнёрам, працаваць у калектыве.

Выкарыстанне “Лега” на ўроках у пачатковай школе – гэта важны і карысны элемент навучальнага працэсу, які дапамагае дзіцяці развіваць разумовыя і фізічныя здольнасці: увагу, памяць, гаворку, дробную маторыку рук і г.д. Дзеці выяўляюць свае творчыя здольнасці, фантазіі, вучацца ўзаемадзеянню з аднагодкамі, узаемадапамозе, неабходнасці абмену інфармацыяй, уменню прымаць рашэнне, развіваюць камунікатыўныя навыкі. Пры гэтым у дзіцяці не знікае жаданне вучыцца, лепш засвойваецца матэрыял. А гэта самае галоўнае ў нашай рабоце.

 

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий