- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Афганістан – незагойная рана

 

У гэтым годзе споўнілася 32 гады з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і ў рамках рэспубліканскай дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў “Афганістан у лёсах нашых землякоў”, у Вердаміцкім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Свіслацкага раёна прайшло адкрытае пасяджэнне клуба “Ордэн гонару” “Іх подзвіг мы не забудзем”.

Ваенна-патрыятычны клуб “Ордэн гонару”, які з 2003 года дзейнічае ва ўстанове адукацыі, сёння налічвае 16 навучэнцаў 9–11 класаў. Асноўная яго дзейнасць накіравана на грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, падрыхтоўку да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і папулярызацыю здаровага ладу жыцця.

Пачатак мерапрыемству паклала наведванне школьнага музея “Ваенная гісторыя Беларусі”, дзе адна за другой былі перавернуты старонкі афганскай вайны.

Яркім момантам пасяджэння стала слайд-прэзентацыя “Жывая памяць”. З экрана на сённяшніх хлопцаў і дзяўчат глядзелі твары выпускнікоў школы, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане і іншых гарачых кропках.

Лагічным працягам мерапрыемства стаў агляд кніжна-ілюстрацыйнай выставы “Афганістан – незагойная рана”.

Вядучая пасяджэння прапанавала аўдыторыі прыгадаць ваенныя падзеі, выкарыстоўваючы нататкі з часопісаў, фотаздымкі 80-х гадоў, кнігі пра воінаў-інтэрнацыяналістаў. Члены клуба ўспомнілі важныя паняцці “патрыёт”, “абавязак”, “гонар”.

Навучэнцы мелі магчымасць сустрэцца з анлайн-госцем, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам кафедры фізічнага выхавання і спорту Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта,ветэранам вайны ў Афганістане Паўлам Сняжыцкім. Менавіта пад яго кіраўніцтвам быў створаны клуб “Ордэн гонару”. З 2011 па 2015 гады Павел Уладзіміравіч быў дырэктарам Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы. Ад яго прагучаў шчыры наказ маладому пакаленню: “Дзейнічайце і рабіце ўчынкі, каб выклікаць узаемныя пачуцці любові і адданасці! Менавіта з гэтага і пачынаецца патрыятызм… Я веру ў ваш добры і сумленны пачатак. У вас усё атрымаецца. Кожны робіць па сваёй веры – верце ў дабрыню, любоў і сяброўства”.

Страшакласнікі з заміраннем сэрца слухалі аповед класнага кіраўніка Алены Грыка пра выпускніка школы, воіна-інтэрнацыяналіста Уладзіміра Залеўскага: “Ніколі больш не прынясе паштальён у дом № 21 у вёску Лашавічы канверт з салдацкім трохвугольнікам, падпісаны такім знаёмым почыркам. Не ўбачыць больш Валодзя Залеўскі тату, маму і браціка, сяброў, аднакласнікаў, так і не даведаецца, што ўзнагароджаны за мужнасць і гераізм ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”…пасмяротна”.

Абмяркоўваючы цяжкія вехі ваенных дзеянняў, прысутныя прыйшлі да адзінага меркавання: асноўная задача моладзі заключаецца ў захаванні гістарычнай памяці, пашаны і павагі да ўсіх салдат, хто ваяваў за мір і свабоду.

Арганізатары мерапрыемства ўпэўнены ў вартасці і значнасці такіх пасяджэнняў для падрастаючага пакалення, будучых абаронцаў Айчыны.

Выхаваць чалавека, які любіць сваю зямлю, свой народ і будзе гатовы да яе абароны – задача адказная. Дзякуючы дзейнасці клуба пашырыліся выхаваўчыя магчымасці ўстановы адукацыі, унесены змены ў арганізацыю вольнага часу школьнікаў, павялічылася рэзультатыўнасць удзелу ў ваенна-спартыўных мерапрыемствах, скіравана ўвага дарослага насельніцтва да грамадскага жыцця школы.

Навучэнцы з патрыятычнага клуба “Ордэн гонару” ганарацца сваімі справамі, не збіраюцца спыняцца і лічаць, што галоўныя ініцыятывы яшчэ наперадзе.

Алена БАНДАРЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

+2

Добавить комментарий