- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Далучылiся да руху “Чыстыя рукі”

 

Выхаванцы інтэграванай групы № 7 дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы далучылiся да прафілактычныга руху “Чыстыя рукі”, які праводзіцца з мэтай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў і фарміравання навыкаў выканання правілаў асабістай гігіены.

У рамках тэматычнага тыдня “Маё здароўе і асабістая гігіена” з дзецьмі праведзены заняткі “Я і маё здароўе”, “Я здароўе берагу”, “Нашы памочнікі”, “Што трэба ляльцы Машы?”, гутарка “Чаму трэба мыць рукі”, практыкаванне “Мыем рукі”, а таксама дыдактычныя гульні “Што з чым сябруе”, “Правільныя парады”, “Парады Майдадыра”, “Мыльныя пальчаткі”. Выхавальнікі чыталі малым творы мастацкай літаратуры, праглядзелі разам з імі мультфільм “Міця і Мiкробус”. У групе была аформлена выстава дзіцячых кніг і ілюстрацый “Вельмі любім чысціню”.

На занятках і ў гульнях выхаванцы даведаліся, што рукі часцей за іншыя часткi цела датыкаюцца да розных прадметаў і хутчэй становяцца бруднымі, таму мыць іх трэба часта і старанна, што гігіена рук вельмі важная для папярэджвання розных захворванняў.

Вынікам тыдня стала забава з элементамі лялечнага тэатра “Як дзецi навучылі Машу правільна мыць рукі”. Гэта дазволіла ў гульнявой форме з ужываннем элементаў тэатралізацыі пазнаёміць дзяцей з прадметамі асабістай гігіены і выкарыстаннем іх у побыце.

У пачатку забавы выхаванцы атрымалі ліст ад дзяўчынкі Машы з просьбай прыехаць у госці і дапамагчы пазбавіцца ад назойлівых мікробаў, што пасяліліся ў яе доме. А каб лепш падрыхтавацца да паездкі, мы з дзецьмі правялі гульню “Навошта гэты прадмет?” Пад вясёлую музыку дашкольнікі рушылі ў шлях на імправізаваным цягніку. Маша з’явiлася з-за шырмы ў суправаджэнні небяспечных, страшных, заразных, шкодных мікробаў.

Каб дапамагчы дзяўчынцы зноў стаць чыстай і ахайнай, дзеці адгадвалі загадкі пра прадметы гігіены, расказвалі ёй, як правільна мыць рукі, і паспаборнічалі ў конкурсе “Адшукайце ўмывальныя прыналежнасці”.

Калі ўсе мікробы былі пераможаны, дашкаляты зрабілі выснову, што нездарма прыязджалі да Машы ў госці, бо яна зноў стала чыстай і ахайнай дзяўчынкай і цяпер ведае, як справіцца з мікробамі.

Ірына ГРЫНЦЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі 
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий