- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Вывучаем гісторыю роднага краю праз абрады

 

У рамках рэпубліканскага конкурса “Пазнай Беларусь” вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы наведалі жыхарак нашай мясцовасці, якія з’яўляюцца жывымі сведкамі абрадаў нашых продкаў і сапраўднымі носьбітамі народных традыцый, і запісалі мясцовыя абрады. 

Даспадобы прыйшоўся навучэнцам мясцовы абрад “Хрэсьбіны”. Дзеці старанна шукалі рэквізіт, вышыванкі, якія, дарэчы, не так проста знайсці. А чаго былі вартыя пошукі калыскі! Але хлопцам і дзяўчатам пашанцавала. Жыхарка аграгарадка Вялікія Вераб’евічы Ніна Антановіч знайшла на гарышчы бацькоўскай хаты даўнейшую калыску-люльку. А ў Лідзіі Карповіч, старэйшай жыхаркі з вёскі Ракевічы, захаваліся вышываныя абрусы і ручнікі.

Школьнікі вырашылі ўзнавіць абрад і падрыхтавалі невялікае прадстаўленне: Гаспадар і Гаспадыня гасцінна сустракалі гасцей, Кума і Кум жадалі ў будучым немаляўці добрага майстэрства, пераступаючы праз сякеру, пілу і долата, Бабка-павітуха абносіла “бабкіну кашу” вакол стала, жадаючы дзіцяці лепшай долі…

Дзякуючы такім мерапрыемствам школьнікі пачынаюць адчуваць, што гісторыя, якую яны вывучаюць па падручніках, тварылася тут, у роднай мясцовасці, і тварылі яе таксама і іх продкі.

Наталля СКВАРАДА,
настаўнік пачатковых класаў
Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий