- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Знаёмства з аграрным каледжам

 

13 лютага ў рамках шостага школьнага дня вучні Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна ўдзельнічалі ў дні прафарыентацыі “Якасная адукацыя – шлях да поспеху”, які прайшоў на базе Навагрудскага аграрнага каледжа.

У пачатку сустрэчы навучэнцаў пазнаёмілі з асноўнай інфармацыяй пра гісторыю навучальнай установы, прафесіямі, па якіх тут вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў, умовамі прыёму і ўручылі будучым абітурыентам буклеты з падрабязнай інфармацыяй пра прафесіі.

Цікавасць у вучняў выклікаў візіт на творчыя пляцоўкі па спецыяльнасцях, наведванне галерэі і пакоя працоўнай славы, навучальнага і кансультацыйнага цэнтраў, эка-пакоя.

Наступная зона, якая прыцягнула ўвагу школьнікаў – вырабы з сена і саломы. А ў чайнай зоне навучэнцы ацанілі выставу разнастайных чайных збораў, водар якіх стварае незабыўную атмасферу прысутнасці на чайнай цырымоніі. Інтэр’ер эка-пакоя прыцягнуў увагу прысутных арыгінальнай драўлянай мэбляй, пано, букетамі з лекавых раслін.

Будучых абітурыентаў завочна пазнаёмілі з працай ветраэнергетычнай устаноўкі магутнасцю 2,8 Вт і метэастанцыі DAVIS, усталяваных на тэрыторыі навучальнай установы.

Хлопцы і дзяўчаты пабывалі ў лабараторыі па вырошчванні бульбы на бязвіруснай аснове, дзе пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і працэсам функцыянавання адзінай у такім родзе лабараторыі, створанай на базе навучальнай установы. Школьнікі даведаліся пра тэхналогію вырошчвання бульбы з прабіркі, пазнаёміліся з рознымі гатункамі бульбы.

Магчыма, для кагосьці з нашых навучэнцаў знаёмства з каледжам будзе вырашальным пры выбары будучай прафесіі.

Ірына ДУХОЎНІК,
выкладчык факультатыўнага занятку
“Прафесія маёй мары”
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий