- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Беларуская казка як навучанне роднай мове

 

Дзеля папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства і ў межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў яслях-садзе № 14 Смаргоні была арганізавана тэатральная пастаноўка беларускай народнай казкі “Пчала і муха”.

Тэатралізаваная дзейнасць – адзін з самых эфектыўных спосабаў уздзеяння на дзіця, у якім найбольш ярка выяўляецца прынцып навучання: актывізацыі і ўдасканалення слоўнікавага запасу, граматычнага ладу мовы, гукавымаўлення, навыкаў складнай мовы, тэмпу, выразнасці мовы. А ўдзел дзяцей у драматызацыях дастаўляе ім радасць, выклікае актыўную цікавасць, захапляе, стварае псіхалагічны камфорт знаходжання дзяцей у дашкольнай установе.

Народныя казкі – найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам. Творы фальклору сваім зместам і формай найлепшым чынам уводзяць дзіця ў стыхію роднага слова, раскрываюць яго багацце і прыгажосць. Народныя казкі спрыяюць засваенню ўсіх формаў мовы, якія даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей уласных моўных навыкаў.

Нашыя дашкаляты з задавальненнем выступалі ў ролі акцёраў і гледачоў, удумліва, з інтанацыяй вымаўлялі вывучаныя словы, імправізавалі. З вуснаў малых родная мова гучыць неверагодна прыгожа! Што важна, менавіта ў тэатралізаванай дзейнасці дзеці добра запамінаюць беларускія словы і пачынаюць іх ужываць у сваёй гаворцы.

Алена АМБРАСЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 14 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий