- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Выпрабаванні для хлопчыкаў і віншаванні для тат

 

Лютуе за вокнамі апошні месяц зімы, які ў гэтым годзе і сапраўды выдаўся адпаведна сваёй назве. А ў нашым 1 “В” класе сярэдняй школы № 5 Смаргоні цёпла і ўтульна.

Пасля заняткаў тут застаюцца выхаванцы групы падоўжанага дня. Чым жа займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі ў гэты час? Яны рыхтуюцца да святкавання Дня абаронцы Айчыны, таму амаль усе размовы, разважанні і прапановы прысвечаны гэтай падзеі.

Сабраўшыся ў гурток, дзяўчынкі абмеркавалі віншаванні для хлопчыкаў. Усе дружна падтрымалі ідэю павіншаваць хлопчыкаў вершаванымі радкамі з пажаданнямі.

Але ж што гэта за свята без конкурсаў? Дзяўчынкі прыдумалі для будучых салдат выпрабаванні і, каб не застаць іх урасплох, не сталі трымаць задуманае ў сакрэце. Хлопчыкі адразу пачалі рыхтавацца да заданняў.

Задумаліся першакласнікі і пра тое, як яны будуць віншаваць сваіх тат і дзядуль. На жаль, запрасіць на віншаванне іх у клас у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй мы не можам, таму быў знойдзены цікавы варыянт рашэння гэтай праблемы: акрамя традыцыйнай паштоўкі, падрыхтаваць музычны падарунак і запісаць на відэа заўзяты танец “Яблычка”, да якога, дарэчы, самі змайстравалі галаўны ўбор і склалі гумарыстычную песню. Мы ўпэўнены, што ў святочны дзень наша музычнае віншаванне парадуе гледачоў.

І ў заключэнне віншуем усіх абаронцаў Айчыны. Шчасця ўсім, здароўя, сонечнага і мірнага неба!

Інэса ПЕРАПІЧ,
выхавальнік
сярэдняй школы № 5 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий