- Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Метадычка

Конкурс эрудытаў “Слова да слова – будзе мова” (8–9 класы)

 

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Ёдкаўскай сярэдняй школы
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Распрацоўка конкурсу эрудытаў “Слова да слова – будзе мова” прапануецца да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, і прадугледжвае далучэнне вучняў да скарбаў беларускай мовы – вуснай народнай творчасці: прыказак, фразеалагізмаў, загадак. Яны вучаць любіць свой край, сям’ю, Радзіму, трапна выказваць думкі, спрыяюць спасціжэнню гісторыі і традыцый народа. Мерапрыемства паспрыяе пашырэнню сферы выкарыстання і папулярызацыі беларускай мовы, выхаванню павагі да яе.

Мэты: выклікаць жывы інтарэс да беларускіх прыказак, фразеалагізмаў і загадак, пашыраць актыўны слоўнік вучняў, абудзіць павагу да роднага слова. 

Удзельнікі: вучні 8–9 класаў, з ліку якіх утвараюцца дзве каманды.

Абсталяванне: карткі з заданнямі, лато.

 

Заданні для правядзення мерапрыемства

І тур “Адшукай пару”

Суаднясіце прыказку з апушчанай лексемай з загадкай так, каб адгадка супадала з прапушчанай лексемай у прыказцы. 

 

Заданне для першай каманды:        

Прыказка Загадка
Прыяцеля ў … пазнаеш А У лес ідзе – дамоў глядзіць, дамоў ідзе – у лес глядзіць
Кожны Яромка знойдзе сабе… Б Сто каней, сто валоў яйцо не пацягнуць
На сем хат адна… В Шыта-златана, а іголак не было
Чалавек без сяброў, што … без дроў Г Вярхом сядаю, на кім – не знаю, знаёмага бачу – адразу саскочу
… – талерка: што пакладзеш тое і возьмеш Д Ідзе то ўгору, то ў даліну, то лесам, то полем, а сама не варушыцца

Адказ: 1 – Д (дарога). 2 – Г (шапка). 3 – А (сякера). 4 – В (печ). 5 – Б (зямля).

 

Заданне для другой каманды:

Прыказка Загадка
Гультаю і ў … у кажуху холадна, а працавітаму і ў кашулі горача А Нарадзіўся без рук, без ног, як вырас – нічога не мог, а па смерці шмат дапамог
На чорнай зямлі белы … расце Б Без кораня, а расце
Сэрца не … – не раскусіш В Ляціць – вые, а сядзе – рые
… абрастае мохам, на адным месцы лежачы Г Не разаб’еш гаршчок, не з’ясі кашы
Кожны … хоча паказаць свае рогі Д Сівы вол выпіў вады дол

Адказ: 1 – Д (мароз). 2 – А (хлеб). 3 – Г (арэх). 4 – Б (камень). 5 – В (жук).

 

ІІ тур “Тэст-піраміда”

Праверце свае веды па парэміялогіі беларускай мовы, адказаўшы на пытанні тэст-піраміды.

 

Заданне для першай каманды:

1) Адзін з двух

Устаўце прапушчаныя словы ў прыказкі і выберыце найбольш старажытны прадукт харчавання нашых продкаў.

1 Повен гаршчок …, а без вады не зварыш.
2 Танней паранай … .

Адказ: 2 (рэпа). У варыянце 1 адказ бульба

 

2) Два з чатырох

У якія прыказкі неабходна ўставіць слова бяседа?

1 Без солі, без хлеба не тая … .
2 Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні …, ні гутарка не вядзецца.
3 Прасіў пан на …, а не пойдзеш – сілай павалаку.
4 На цёмнага мужыка прэ злядняў … .

Адказ: 1, 2. У варыянтах 3, 4 адказ талака.

 

3) Тры з шасці

Устаўце ў прыказкі назвы страў і выберыце толькі густыя стравы з круп (кашы).

1 За тры вярсты ходзіць … хлябаць.
2 … сама сябе хваліць.
3 … не голад.
4 Відаць, што … гатавала: уся спадніца ў рошчыне.
5 Усе харашы, як крупкі ў … .
6  Будзе табе і рыбка і … .

Адказ: 2 (грэцкая каша), 3 (бабовая каша), 5 (кулеш). У варыянце 1 адказ кісель. У варыянце 4 адказ бліны. У варыянце 6 адказ юшка.

 

4) Чатыры з васьмі

У якія прыказкі замест шматкроп’я неабходна ўставіць назвы прафесій і заняткаў?

1 … клешчы трымае, каб рук не папёк.
2 Столькі праўды, як у … грошай.
3 … боты салам намазаў, а скурку з’еў.
4 … у дзіравых ботах ходзіць.
5 Усякі … свой крой мае.
6 Не каса косіць, а … .
7 Пакуль пірагі не спякліся, … не заві.
8 Не …, калі вецер у павеці гуляе.

Адказ: 1 (каваль), 4 (шавец),  5 (кравец), 6 (касец).  У варыянце 2 адказ жабрак. У варыянце 3 адказ франт. У варыянце 7 адказ госці. У варыянце 8 адказ гаспадар.

 

5) Пяць з дзесяці

У якія прыказкі замест шматкроп’я неабходна ўставіць лексему розум?

1 За … не гневаюцца.
2 Чалавека паважаюць не за гады, а за … .
3 Сіла … уступае.
4 Чалавек без …, што птушка без крылаў.
5 Калі ёсць …, то і шчасце знойдзецца.
6 Слова да слова – будзе … .
7 Што галава – то і … .
8 Ад … галава не баліць.
9 Сын мой, а … у яго свой.
10 …, як у зайца хвост.

Адказ: 2, 3, 5, 7, 9. У варыянце 1 адказ праўда. У варыянце 4 адказ веды. У варыянце 8 адказ навука. У варыянце 10 адказ памяць.

 

Заданне для другой каманды:

1) Адзін з двух

Устаўце ў прыказкі назвы адзення і выберыце тую вопратку, якую нашы продкі засцілалі вывернутай часткай на дзяжу, а затым садзілі на яе маладую ў час вяселля.

1 У … у лазні не мыюцца.
2 Свая … бліжэй да цела.

Адказ: 1 (кажух). У варыянце 2 адказ кашуля.

 

2) Два з чатырох

Устаўце прапушчаныя словы ў прыказкі і выберыце рытуальную ежу беларусаў.

1 Як … тлуста, то і ў жываце не пуста.
2 Такое …, як у зайца пер’е.
3 … дзетак збірае, а квас разганяе.
4 Чужая … не вечна.

Адказ: 3 (куцця), 4 (яечня). У варыянце 1 адказ капуста. У варыянце 2 адказ сала.

 

3) Тры з шасці

У якія прыказкі неабходна ўставіць назвы сельскагаспадарчых пабудоў?

1 Звараць і дзеці, калі ёсць у … .
2 Лішні грош у … муляе.
3 За словам у … не палезе.
4 Як у … не малоціцца, дык у хаце калоціцца. 
5 З’еў бы тлуста, ды ў … пуста.
6 У … многа, ды чужога.

Адказ: 1 (клець), 4 (гумно), 6 (свіран). У варыянтах  2, 3, 5 адказ кішэня.

 

4) Чатыры з васьмі

У якія прыказкі замест шматкроп’я неабходна ўставіць назвы роднасці і сваяцтва?

1 Родную … нікім не заменіш.
2 … навучаць, як жыць на свеце.
3 Падсадзі на печ дзядулю – цябе … падсадзяць.
4 Як добрая …, то добрая і нявестка.
5 Якое дрэва, такі і клін, які …, такі і сын.
6 Чым … стражэй, тым яна даражэй.
7 У … і страха цячэ і печ не пячэ.
8 … два разы траціць.

Адказ: 1 (маці), 3 (унукі), 4 (свякроў), 5 (бацька). У варыянце 2 адказ людзі. У варыянце 6 адказ кабета. У варыянце 7 адказ гультай. У варыянце 8 адказ скупы.

 

5) Пяць з дзесяці

У якія прыказкі замест шматкроп’я неабходна ўставіць лексему слова?

1 Благому грамацею і залатое … не дапаможа.
2 Без … і з лаўкі не зваліцца.
3 … не пірог: не выкінеш за парог.
4 На ўсё трэба мець … .
5 … даражэй за золата.
6 Яго … не мякіна.
7 … у мяшку не схаваеш.
8 … міма не ляціць.
9 Конь вырвецца – дагоніш, а … вырвецца – не зловіш.
10 … да мудрасці ступенька.

Адказ: 3, 5, 6, 8, 9. У варыянце 1 адказ пяро. У варыянце 2 адказ прыказка. У варыянце 4 адказ вока. У варыянце 7 адказ шыла. У варыянце 10 адказ азбука.

 

ІІІ тур “Фразеалагічнае лато”

Каманды атрымоўваюць поле з фразеалагізмамі, у якіх прапушчаны словы, і разрэзаныя карткі-малюнкі. Неабходна суаднесці прапушчаныя словы ў фразеалагізмах з выявамі, закрыўшы імі гульнёвае поле. Назваць фразеалагізмы, якія атрымаліся. Растлумачыць значэнне фразеалагізмаў.

 

Лато для першай каманды:

… пірагамі
падпёрты

Мяняць …
на гліну

… у мяшкі

Надзець сабе
… на шыю

Як … з
левай нагі

Як з …

Сесці не ў свае

Наскочыла …
на камень

Пад усе …
шпунт

Стрыгчы пад
свой …

Наступаць на

Як апошняе ў
… кінуўшы

Як… па
цымбалах

Біць у … Падабраць … За пусты …

Адказ: вароты пірагамі падпёрты; мяняць гаршкі на гліну; шашкі ў мяшкі; надзець сабе хамут на шыю; як бот з левай нагі; як з рэшата; сесці не ў свае сані; наскочыла каса на камень; пад усе бочкі шпунт; стрыгчы пад свой грабянец; наступаць на граблі; як апошняе ў печ кінуўшы; як лапцем па цымбалах; біць у званы; падабраць ключык; за пусты мех.

 

Лато для другой каманды:

… спяваюць у
жываце

… будуць
смяяцца

… у лесе здох … на душы скрабуць

Куды Макар … не ганяў

Як … на
крупы

Гол як … Як … гразі

Як … блох

Паказаць, дзе
…зімуюць

Паказаць, як … дзяцей гладзіць

… па скуры
бегаюць

Дзяліць скуру
незабітага …

На … скок … носа не падточыць … у небе

Адказ: салаўі спяваюць у жываце; куры будуць смяяцца; воўк у лесе здох; кошкі на душы скрабуць; куды Макар цялят не ганяў; як мыш на крупы; гол як сакол; як жаба гразі; як сабака блох; паказаць, дзе ракі зімуюць; паказаць, як барсук дзяцей гладзіць; мурашкі па скуры бегаюць; дзяліць скуру незабітага мядзведзя; на зайцаў скок; камар носа не падточыць; журавель у небе.

 

Падводзяцца вынікі мерапрыемства.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

  1. Лепешаў, І.Я. Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы: у 2 т. / І.Я.Лепешаў. – Мінск: Беларус. Энцыкл. імя Петруся Броўкі, 2008. – 2 т.
  2. Маляўка, М.А. Сядзіба, або Хата з матчынай душою / М.А.Маляўка. – Мінск: Юнацтва, 2002. – 138 с.
  3. Рапановіч, Я.Н. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / Я.Н.Рапановіч. – Мінск: Вышэйшая школа, 1974.

 

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий