Мова ёсць душа народа

- 15:26ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Напярэдадні святкавання Міжнароднага дня роднай мовы ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Роднай мове прысвячаю”.

Раніцай у фае школы ўсіх віталі Ясь і Янінка і прапаноўвалі выцягнуць з чароўнага куфэрка жартаўлівыя прадказанні на беларускай мове.

На працягу тыдня працавала інтэрактыўнае кафэ, дзе дэманстраваліся фільмы, знятыя па творах беларускіх пісьменнікаў. А на перапынках вучні школы станавіліся ўдзельнікамі арт-акцыі “Мая бабуля казала…”, падчас якой кожны яшчэ раз дакранаўся да багатай на прыказкі і прымаўкі роднай мовы. Кніжная паліца-выстава “Беларускія пісьменнікі-юбіляры” прыцягнула ўвагу аматараў чытання. Кожны клас узяў удзел у правядзенні флаер-фэста “Пра рэчы родным словам”. Атрымаўся яркі калейдаскоп з цікавых беларускіх слоў. А яшчэ вучні мелі магчымасць стаць удзельнікамі гістарычнай вандроўкі “Таямніцы бабульчынага куфэрка”. Гэта выстава рэдкіх сямейных рэліквій – посуду, тканых рэчаў, фотаздымкаў, якімі з задавальненнем падзяліліся настаўнікі і бацькі.

Тыдзень беларускай мовы – гэта перш-наперш гучанне роднай мовы, прапаганда беларускага слова, яго каларыту і мілагучнасці. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі гульні-тэста “Ці добра ведаеце вы беларускія фразеалагізмы?”, віктарыны “Ведай беларускую мову”. Шмат эмоцый выклікала слоўнікавая гульня-забава “Рускай мове дай разгрузку, гавары па-беларуску”. У час гульні дзеці з захапленнем выцягвалі з аднаго кошыка словы на беларускай мове, а ў другім шукалі прадметы, што адпавядаюць гэтым словам.

Малодшыя школьнікі таксама не засталіся ў баку. Для іх была арганізавана інтэлектуальная гульня “Родная мова, матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова” і літаратурная забава “У дзеда Антося ўсё з загадкі пачалося”.

І, безумоўна, не абышлося без літаратурных хвілін. Конкурс чытальнікаў – гэта магчымасць гучання роднай мовы з вуснаў нашчадкаў тых, хто збярог яе, узбагаціў і пакінуў нам у спадчыну.

Ірына ЖАГАТ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий