Вера ў сябе

- 14:53Клуб юного журналиста

 

Юлія ЛІСІЦА,
вучаніца 11-га класа
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

У гэтым навучальным годзе я трэці раз удзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, які праходзіў у студзені ў Скідзелі.

Паколькі ўжо восем гадоў знаходжуся ў алімпіядным руху, асаблівага хвалявання ў мяне не ўзнікала. Я выразна ведала, што для найбольш якаснага выканання заданняў неабходны веды, спакой і канцэнтрацыя. І ўсё ж сёлета быў самы складаны конкурс, таму што сярод адзінаццацікласнікаў вялася зацятая барацьба за запаветныя сто балаў на ЦТ. У гэтым нялёгкім спаборніцтве я заваявала дыплом другой ступені і ў сакавіку буду прадстаўляць нашу вобласць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў Лідзе.

Прыемным сюрпрызам для мяне і маёй настаўніцы была цёплая сустрэча навучэнцаў і педагогаў у роднай школе. Душэўныя віншаванні, маляўнічыя плакаты і словы падзякі дырэктара школы Т.У.Мілаш выклікалі ў нас буру пазітыўных эмоцый і зарадзілі матывацыяй і натхненнем на далейшую працу.

Напэўна, самае галоўнае на шляху да дасягнення мэты, – разумець, што менавіта сумленная руплівая праца і вера ў сябе здольныя прынесці жаданы вынік. Гэтак жа не абысціся без падтрымкі бацькоў, сяброў, настаўнікаў. Я шчаслівая, што ў мяне была гэтая падтрымка, і бясконца ўдзячна кожнаму, хто ў мяне верыць.

Усе сем гадоў, пачынаючы з 5-га класа, вучыла мяне прыгажосці роднага слова настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ала Аркадзьеўна Жукоўская. Яна ўклала ў мяне велізарную колькасць ведаў, часу і сіл. Разам мы радаваліся нашым перамогам, разам ішлі заўсёды толькі наперад. Завяршаецца мой апошні школьны год і, адпаведна, алімпіядны шлях, які прынёс мне мноства прыемных знаёмстваў, неперадавальных эмоцый і незабыўных прыгод, навучыў стойкасці і цярпенню.

Сумна развітвацца са школьным жыццём, але ж наперадзе – новыя гарызонты, а цёплыя ўспаміны пра школьныя гады яшчэ доўга будуць саграваць маю душу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий