- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Багаты на мерапрыемствы тыдзень

 

Традыцыйна напярэдадні Дня роднай мовы і літаратуры ў Суботніцкай сярэдняй школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Пачаўся ён наведваннем выставы кніг “Ёсць такія імёны, ёсць такія даты”, прысвечанай творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, а таксама знаёмствам з літаратурнымі навінкамі.

Праверыць свае веды па беларускай мове і літаратуры школьнікі змаглі падчас экспрэс-апытання “Бягучая адзнака”, інтэлектуальнай гульні “Вучымся гаварыць на роднай мове”, конкурсу “Буслік–2021”.

Старшакласнікі, члены БРСМ, прынялі ўдзел у напісанні адзінага дыктанта “Ганарымся Бацькаўшчынай”, а шасцікласнікі – у чэленджы “Мова”, прачытаўшы верш Петруся Броўкі “Хлеб чорны”.

Вялікая ўвага надавалася не толькі пазнанню роднай мовы і літаратары, але і культуры Беларусі, яе маляўнічым краявідам. Для вучняў быў арганізаваны прагляд беларускіх мультфільмаў, батлейкі, відэафільма “20 фактаў пра Беларусь”.

Багаты тыдзень быў на інтэлектуальныя і творчыя спаборніцтвы, якія раскрываюць і развіваюць творчыя задаткі школьнікаў: конкурс буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”, конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”, конкурс чытальнікаў “Гучы, роднае слова”, конкурс фотаздымкаў, ілюстрацый, малюнкаў “Край мой родны”.

Прызнацца ў любові свайму роднаму краю вучні змаглі праз акцыю пажаданняў Беларусі “Далучы сваю далонь”. На рознакаляровых далоньках школьнікі пажадалі сваёй Радзіме дабрыні, спакою, дабрабыту, шчаслівага лёсу.

У рамках акцыі “Гавары са мной па-беларуску” праведзена апытанне “Дзве цукеркі або далучыся да народнай мудрасці”, якое выявіла веданне школьнікамі прыказак і прымавак. Той, хто здолеў закончыць прапанаваную прыказку, атрымаў салодкі пачастунак.

Веды, цікаўнасць і добры настрой забяспечылі поспех праведзеных мерапрыемсваў. Вынікі падведзены, узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў. Актыўны ўдзел вучняў ва ўсіх мерапрыемствах тыдня стаў самай лепшай падзякай арганізатарам.

Тарэса НАРОН,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Суботніцкай сярэдняй школы
Іўеўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий