Беларуская мова – мелодыя сэрца

- 8:11ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў яслях-садзе № 15 Смаргоні пад дэвізам “Беларуская мова – мелодыя сэрца” прайшоў тэматычны дзень, мэтай якога было паказаць значэнне роднай мовы, традыцый і гісторыі беларускага народа ў фарміраванні асноў нацыянальнай самасвядомасці выхаванцаў.

Педагогі правялі шмат цікавых мерапрыемстваў на роднай мове. На працягу дня выхаванцы паказвалі казкі на беларускай мове “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Як кот звяроў напалохаў”, гулялі ў беларускія народныя гульні “Кот і мышы”, “Вожык і мышы”, “Чый галасок”, “Лён”.

Прадстаўленне лялечнага тэатра “Батлейка” заўсёды захапляла нашых дзетак. А яшчэ больш уражанняў засталося пасля таго, калі ім выпала магчымасць пазнаёміцца з лялькамі-персанажамі, паслухаць аповяд пра гісторыю ўзнікнення тэатра “Батлейка”.

Наведванне кніжнай выставы надоўга запомніцца нашым хлопчыкам і дзяўчынкам. На выставе былі прадстаўлены беларускія народныя казкі, творы беларускіх пісьменнікаў, часопісы. У кожнага была магчымасць пагартаць старонкі кніг і часопісаў, паслухаць цікавыя казкі на прыгожай і мілагучнай беларускай мове.

З захапленнем дашкольнікі пазнаёміліся з беларускімі народнымі строямі, шмат цікавага даведаліся пра беларускі арнамент.

Экскурсія ў “Беларускую хатку” вельмі спадабалася выхаванцам малодшых груп. З вялікай цікавасцю яны разглядалі прыгожыя цацкі з дрэва, гліны, ільну, тканіны, з якімі калісьці гулялі дзеці .

 

Выхаванцы старшай групы прынялі ўдзел у музычна-літаратурным салоне “Мы забыць сваю мову не мусім…”. Падчас яе правядзення гучалі на роднай мове вершы, песні, паданні. Вельмі прыемна было закружыцца ў танцы, калі гучыць беларуская народная музыка.

Для педагогаў былі арганізаваны выставы дзіцячай літаратуры беларускіх аўтараў, прадстаўлены картатэкі дыдактычных гульняў.

На працягу ўсяго дня панавала атмасфера сяброўства, добразычлівасці і супрацоўніцтва. Ніхто не застаўся абыякавым, таму што няма абыякавых да сваёй мовы.

Далучаючы выхаванцаў да святыні свайго народа – роднай мовы, мы садзейнічаем не толькі яе ўзбагачэнню, але і развіццю пазнавальных і інтэлектуальных магчымасцей дзяцей, выхоўваем іх добрымі і разумнымі, дапытлівымі і ўважлівымі да ўсяго.

 

Ірына ЗЕНКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці,
Алена ТРАСКОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 15 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий