- МАГІЛЁЎШЧЫНА, Рэгiёны

Фестываль паштовак

 

Фестываль, накіраваны на развіццё творчых здольнасцей педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, правялі на Магілёўшчыне. Арганізатарам мерапрыемства выступіў абласны інстытут развіцця адукацыі.

Удзельнікам фестывалю прапаноўвалася вырабіць тэматычныя святочныя паштоўкі. Прастора для творчасці ніяк не абмяжоўвалася. Свае таленты педагогі маглі прадэманстраваць як у традыцыйных тэхніках, так і з дапамогай інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. У выніку на фестываль была прадстаўлена 891 арыгінальная паштоўка.

– Педагогі выраблялі паштоўкі па пяці намінацыях. Гэта віншаванні “З Новым годам”, “З Днём абаронцаў Айчыны”, “З Міжнародным жаночым днём”, “З Днём Перамогі”, “З Днём настаўніка”. Значна, што ўсе творчыя работы адрозніваліся крэатыўнасцю, высокім узроўнем выканання. Уразіла і разнастайнасць тэхнік і стыляў вырабу паштовак: скрапбукінг, калаж, дэкупаж, айрыс-фолдынг, квілінг, арыгамі, пергамана. Кожная работа сапраўды мае сваю, непаўторную асаблівасць, – расказала начальнік аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі МДАІРА Ж.М.Грыбанава.

Свае творчыя здольнасці на фестывалі праяўлялі педагогі дашкольных устаноў з усіх раёнаў вобласці. Значна, што прайграўшых ці пераможцаў на фестывалі не было. Усе педагогі атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў. А найбольш адметныя работы сталі асновай творчай выставы, наведаць якую могуць усе жадаючыя.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ

Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

2+

Добавить комментарий