Смак беларускай кухні

- 8:01МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

У сярэдняй школе № 23 Магілёва святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы была прысвечана прадметная дэкада беларускай мовы і літаратуры, падчас якой настаўнікі разам з вучнямі падрыхтавалі і правялі шмат цікавых пазакласных мерапрыемстваў.

Незабыўныя ўражанні ў вучняў 9-х класаў пакінула кулінарнае шоу “Смак беларускай кухні”. Асноўная мэта такога мерапрыемства – выхаванне павагі і любові да традыцый і звычаяў нашых продкаў, да гісторыі стварэння нацыянальных страў.

Падрыхтоўку да кулінарнага шоу дзевяцікласнікі пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры А.А.Пышнюк пачалі загадзя. Вучні разам з матулямі і бабулямі падбіралі цікавыя рэцэпты і апрабіравалі іх, каб пазней прадставіць стравы на свяце беларускай кухні. Было складзена меню, прадумана ўбранне, падрыхтаваны конкурсы. Вучні-літаратары падбіралі ўрыўкі з твораў Я.Коласа “Новая зямля” і Н.Гілевіча “Родныя дзеці”, у якіх каларытна, маляўніча апісана нацыянальная кухня, каб на свяце беларускай кухні пазнаёміць прысутных з літаратурнай энцыклапедыяй беларускай кулінарыі. Цесная сувязь пакаленняў была прадэманстравана саматканымі ручнікамі, вышыванымі абрусамі, прадметамі хатняга побыту, прывезенымі ад бабуль і дзядуль, нацыянальнымі касцюмамі.

Цэнтральнае месца на свяце займаў багаты стол са спрадвечна беларускімі стравамі: дранікамі, калдунамі, хлебным караваем, салам, капустай, кіслымі агуркамі, дамашнімі каўбасамі, мёдам, абаранкамі, якія чакалі свайго часу на самавары.

На свяце гучалі беларускія песні, вершы на роднай мове, разгадваліся загадкі і рэбусы, гучалі пажаданні і віншаванні на роднай мове, угадваліся назвы страў па прапанаваных рэцэптах. Вучні актыўна фатаграфаваліся на фоне стала з прысмакамі, разам з вядучымі ў нацыянальных касцюмах, побач з прадметамі хатняга побыту.

А закончылася свята дэгустацыяй беларускіх страў пад гукі чароўных беларускіх песень у выкананні ансамбля “Бяседа”. І вучні, і настаўнікі, якія прыйшлі на свята, далучыліся да беларускай культуры і пашырылі свае веды пра беларускую этнаграфію.

Веданне фальклору – адзін з паказчыкаў культуры грамадзяніна, неабыякавага да родных вытокаў. Безумоўна, такія святы спрыяюць не толькі патрыятычнаму, ідэалагічнаму выхаванню вучняў, але і фарміруюць іх грамадзянскую пазіцыю, аб’ядноўваюць вучняў, бацькоў і настаўнікаў у вялікую сям’ю, якая шануе і любіць беларускія традыцыі, імкнецца перадаць дзецям павагу да роднага краю.

 

Алена ПЫШНЮК,
кіраўнік метадычнага аб’яднання
настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры,
Крысціна ПУЗАНАВА,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 23 Магілёва

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий