- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Цікавасць да прадмета і папулярызацыя роднай мовы

 

З 15 па 20 лютага ў Жухавіцкай сярэдняй школе прайшоў тыдзень беларускай мовы.

Напярэдадні правядзення тыдня была праведзена грунтоўная папярэдняя падрыхтоўка, адбор матэрыялу для выкарыстання ў рамках тыдня, сцэнарыяў, нагляднага матэрыялу, прэзентацый, раздатачнага матэрыялу, падбор відэазапісаў.

Асноўнымі задачамi правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры мы вылучылі павышэнне цiкавасцi вучняў да прадметаў “Беларуская мова” i “Беларуская лiтаратура”, а таксама да беларускай культуры і традыцый, папулярызацыю беларускай мовыі здабыткаў беларускай культуры, выхаванне грамадзянскіх і патрыятычных якасцей навучэнцаў праз уключэнне іх у сумесную дзейнасць.

Распачаўся тыдзень урачыстым адкрыццём, якое падрыхтавалі вучні 7–9-х класаў разам са сваім настаўнікам Алінай Дзедавец. Узнёслыя радкі высокай паэзіі зрабілі гэта адкрыццё непаўторным і запамінальным, як па сваёй атмасферы, так і па натхнёнасці, любові да роднага слова.

Пасля пераняла эстафету Ларыса Камера і правяла турнір “Знаўцы роднага слова”  для вучняў 5-га класа. У турніры ўдзельнічалі дзве каманды – “Сонейка” і “Буслікі”. Падчас мерапрыемства каманды чыталі вершы пра родную мову, разгадвалі загадкі, лагарыфмы, складалі прыказкі і прымаўкі, тлумачылі фразеалагізмы. Кожны правільны адказ ацэньваўся пэўнай колькасцю балаў. Вучні добра адказвалі на пытанні, праявілі здагадку і кемлівасць. Пераможцамі сталі вучні з каманды “Сонейка”.

Значны ўплыў на свядомасць кожнага з прысутных аказалі інфармацыйныя гадзіны “Родным словам даражу”, якія садзейнічалі фарміраванню моўнай культуры вучняў, узбагачэнню слоўнікавага запасу, далучылі іх да таямніц роднай мовы, выклікалі цікавасць да яе.

У школьнай бібліятэцы ў рамках супрацоўніцтва была арганізавана выстава “Родная мова – мелодыя сэрца”.

Вучні 6-га класа прынялі ўдзел у творчай майстэрні “Я – беларус”. Новыя таленты раскрыліся на конкурсе чытальнікаў вершаў “Родная мова з намі” сярод вучняў 5–11-х класаў. Пераможцай конкурсу стала вучаніца 8-га класа Маргарыта Звонка.    

Цікава прайшла класная гадзіна ў 6-м класе “Конкурс знаўцаў роднай мовы”. Мэтай гэтага мерапрыемства стала развіццё пазнавальнай і творчай актыўнасці вучняў, выхавання ў іх пачуцця калектывізму, узаемападтрымкі і ўзаемадапамогі, павышэння цікавасці і любові да роднага слова. У гульнявой форме дзеці паказалі веды раздзелаў мовазнаўства, значэнняў слоў. Школьнікі ўбачылі і адчулі, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова.

З мэтай папулярызацыі роднай мовы, удасканалення ведаў па беларускай мове для вучняў 9–11-х класаў быў праведзены адзіны дыктант на прыз БРСМ “Духоўная повязь пакаленняў”, у якім прынялі ўдзел 19 навучэнцаў.

Фінальным акордам правядзення тыдня стаў выпуск святочнай газеты “Сэрца любімых слоў”.

 

Тамара ГАСЦІЛО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Жухавіцкай сярэдняй школы
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий